У Беластоку з’явілася 12-мятровая выцінанка



Чарговае графіці выкананае па фальклорных падляшскіх матывах паўстала ў Беластоку.

DSC08038

Вынік працы мастакоў Мацея і Катажыны Шымановічаў можна пабачыць на сцяне аднаго з будынкаў па вуліцы Звежынецкай. Вышыня графіці складае 12 метраў, а шырыня 7 метраў.

„Графіці мае форму падляшскай выцінанкі”, – кажа мастак Мацей Шымановіч:

– Мы натхняліся падляшскай народнай культурай, таму з’явілася ідэя выкарыстаць выцінанку. Мая жонка выразае выцінанкі, таму зрабіла такую, якая адносіцца да гэтай культуры і ўвогуле да падляшскага рэгіёна. Зялёныя элементы ўнізе сімвалізуюць дзікую прыроду Падляшша, якая так добра тут захавалася. На версе два лісы, а на самым версе туркаўкі – птушкі сімвалізуючыя мір і каханне.  

Графіці выканана ў межах праекта “Folk on the Street”, які чацвёрты год ладзіць Ваяводскі асяродак анімацыі культуры. У межах кампаніі на сцяне будынка па вуліцы Пілсудскага паўстала вядомае графіці “Дзяўчынка з палівачкай”, а ў цэнтры горада з’явілася крыжаванка на адным з дыялектаў беларускай мовы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара