У Белавежскай пушчы пачаліся „Сустрэчы Зоркі”



У Белавежскай пушчы пачаліся журналісцка-мастацкія курсы „Сустрэчы Зоркі”. Ужо трыццаты раз моладзь, якая вывучае беларускую мову, будзе пазнаваць асаблівасці журналісцкай прафесіі.

DSC01765

Цягам тыдня пройдуць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, журналістамі, артыстамі ды грамадскімі дзеячамі. Лагер аб’ядноўвае дзяцей, якія актыўна ўключаюцца ў беларускае жыццё, кажа арганізатарка мерапрыемства Ганна Кандрацюк-Свярубская:

– Мы даём такі зарад, каб дзеці ўсебакова развіваліся, думалі. Але перш  за ўсё мы паказваем, што праца на беларускай мове можа быць не толькі прыемнай, але і захапляльнай, што яна дае сілу. І ў гэтым ёсць вялікі сэнс.

Сёлетнія „Сустрэчы Зоркі” прымеркаваныя да 60-годдзя Тыднёвіка Беларусаў у Польшчы „Ніва”. Таму моладзь  на працягу тыдня сустрэнецца з найбольш яркімі постацямі, звязанымі з рэдакцыяй, – між іншымі з Віталём Лубам, Янінай Чарнякевіч і Яўгенам Вапам.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара