У Белавежы з’явілася вуліца Сімоны Коссак



У Белавежы адкрылі вуліцу імя Сімоны Коссак. Біёлаг, прафесар лясных навук, эколаг усё  сваё жыццё прысвяціла Белавежскай пушчы і ахове прыроды.  Яе імя нададзена частцы дарогі, якая вядзе ў леснічоўку Дзядзінка, дзе прафесар жыла на працягу 35 гадоў.

На адкрыцці прысутнічалі яе сябры, мясцовыя жыхары ды прадстаўнікі ўладаў.  З’яўленне вуліцы імя  прафесара Сімоны Коссак –  ініцыятыва жыхароў Белавежы, і гэта адзінае месца ў Белавежскай пушчы, прысвечанае гэтай выдатнай асобе.

– Сімона Коссак пражыла ў пушчы 35 гадоў. Гэта дарога, якой яна штодня ездзіла на працу і з працы. Яна зрабіла вельмі шмат для прыродазнаўчай адукацыі дарослых і дзяцей.

– Свае погляды яны выражала вельмі адкрыта. Таму былі людзі, якія не былі да яе добразычлівымі. Часамі ёй даводзілася цяжка.

Сакратар гміны Белавежа Гелена Пакроўская:

– Арганізатары ўшанавання Сімоны Коссак маюць помыслы арганізаваць і развіваць малую турыстычную інфраструктуру, а гміна будзе ўсяляк гэтаму садзейнічаць на агульную карысць.  

У Белавежскім асяродку культуры прайшла таксама вечарына, прысвечаная памяці прафесара Сімоны Коссак. Прафесара ўзгадвалі яе блізкія і сябры.

 

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара