У Бельску абмяркоўвалі праблемы мясцовага самакіравання



„Грамадзянскі самаўрад” – сустрэча пад такой назвай прайшла ў Бельску-Падляшскім. Арганізатарам выступіла апазіцыйная партыя “Грамадзянская Платформа”. На ёй, між іншым, абмеркавалі ўрадавы праект закона, які тычыцца органаў мясцовага самакіравання. Паводле праекту, абірацца ў войты, бургамістры і прэзідэнты гарадоў можна не больш, чым два тэрміны запар.

На думку віцэ-маршалка Падляшскага ваяводства Мацея Жыўны, які ўваходзіць у “Грамадзянскую платформу”, – самакіраванне знаходзіцца ў небяспецы:

– Штораз больш правоў адбіраецца ў грамадзян, у самаўрадаў адбіраюцца кампетэнцыі, але яны не пераходзяць да ваяводаў, а пераходзяць да цэнтральных уладаў. Такое апошні мы назіралі перад развалам камунізма.

Па словах Мацея Жыўны, Бельск-Падляшскі як месца сустрэчы, быў выбраны невыпадкова:

– Бельск аказвае вялікі ўплыў на развіццё ўсяго ваяводства. Тут высокі ровень эканамічнага развіцця, нізкі ровень беспрацоўя. Гэта прыклад, варты для пераймання. Але гэта такі рэгіён, дзе такую супрацу трэба развіваць.

Падчас сустрэчы паднімалася між іншым і тэма ўрадавага праекту рэформы адукацыі ў Польшчы, які засяроджваецца на ліквідацыі гімназіяў, супраць якога выступаюць сябры „Грамадзянскай Платформы”. У сустрэчы з жыхарамі Бельска прынялі ўдзел таксама дэпутаты Сейму Роберт Тышкевіч, Тамаш Цімашэвіч ды радца Ваяводскага Сейму Дар’я Сапінская.

 

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск-Падляшскі

Фота аўтара