У Бельску Падляшскім ушанавалі памяць ахвяраў польскага збройнага падполля



У Бельску Падляшскім ушанавалі памяць загінуўшых у 1946 годзе. Рада горада прыняла адмысловую заяву для ўшанавання ахвяраў пацыфікацыі атрадам Рамуальда Райса «Бурага» беларускіх вёсак: Заляшаны, Волька Выганоўская, Зане і Канцавізна ды забойства фурманаў у ваколіцах Старых Пухалаў.

Немагчыма было галасаваць інакш, як толькі «за ўшанаванне памяці» ахвяраў дзеянняў збройнага польскага падполля, кажа радны Бельска Падляшскага, Тамаш Суліма:

— Калі Інстытут нацыянальнай памяці пасля расследавання прызнаў, што гэтае здарэнне, генацыд, мела месца, дык я лічу, што ніякага апраўдання і аспрэчвання не павінна быць. Я крыху шкадую, што не было аднадумства сярод радных горада. Я не ведаю, па якіх прычынах, магчыма, па палітычных, трое радных не патрымалі ўхвалу. Гэта прадстаўнікі правых сілаў, партыі «Права і справядлівасць». Магчыма яны проста бачаць гэта неяк па-іншаму. Для мяне гэта перш за ўсё справа не нацыянальная, але справа нейкая чалавечай маралі, асабістага сумлення.

31 студзеня ў 12:00 сябры гарадской рады Бельска Падляшскага ўскладуць кветкі на магілу памяці ахвяр падзеяў пачатку 1946 года.

29 студзеня, ў дзень пацыфікацыі Заляшанаў адбудуцца ўрачыстасці прымеркаваныя да 70-тай гадавіны падзеяў.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Давід Гайко