У Бельску прайшоў фінал “Беларускай песні”



У Бельску Падляшскім прайшоў цэнтральны этап 44-га конкурсу “Беларуская песня” для дзіцячых садкоў, пачатковых школ і гімназій. “На сцэне Бельскага дома культуры паказалі сябе салісты, дуэты, трыа ды калектывы – усяго 57 выступоўцаў з усяго Падляшша”, – падводзіць вынікі мерапрыемства Янка Сычэўскі з Таварыства беларускай культуры:

Зорак нямала тут, бо інструктары, настаўнікі, прынамсі некаторыя, працуюць вельмі прафесіянальна і, такім чынам, ствараюць атмасферу добрай, адказнай і сістэматычнай працы. І многія дзеці ўдзельнічаюць таксама сістэматычна і адказна. Дзякуючы гэтаму з’яўляецца і высокая выканаўчая якасць.

Маладыя спевакі і спявачкі рыхтаваліся пад вокам школьных настаўнікаў ды інструктараў гарадскіх ды гмінных асяродкаў культуры. Арганізатарам конкурсу “Беларуская песня” для дзіцячых садкоў, пачатковых школ і гімназій выступае Таварыства беларускай культуры.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск Падляшскі

Фота аўтара