У Бельску рыхтуюцца здымаць працяг фільму „Знахар”



Бельск Падляшскі чарговы раз стане месцам кіназдымкаў. У сядзібе мясцовага Таварыства «Крэатыўны Бельск Падляшскі» прайшла канферэнцыя, прысвечаная праекту «Уныкі», своеасабліваму працягу вядомага польскага фільму «Знахар». Ідэя кінастужкі «Уныкі» перамагла ў конкурсе ініцыятыў на фінансаванне з грамадскага бюжэту, які праходзіў увосень 2015 года. З гэтага часу вяліся пошукі дадатковага фінансавання, праца над сцэнаром ды фармаванне складу актораў першага і другога плану. «Стужка паўстане, і гэта можа здзівіць тых, хто не верыў у поспех справы», – кажа каардынатар праекта Тамаш Суліма:

– Маем ужо прозвішчы актораў вядомых у Польшчы – і маладога пакалення, і cталага ўзросту, якія, напрыклад, гралі ў фільме Гофмана “Знахар”. Гэта будзе фільм пра Бельск і навоколле Бельска, пра людзей і цяжкую гісторыю ХХ ст. І таксама гледачы могуць чакаць беларускіх акцэнтаў. Мясцовыя праваслаўныя беларусы таксама знойдуць свае тэмы, мясціны і гісторыі.

«Варта таксама адзначыць, што гэты элемент беларускасці не будзе быццам дадаткам, а будзе натуральна суіснаваць разам з усімі астатнімі элементамі фільма», – лічыць Тамаш Суліма.

Аўтар раману „Знахар”, які быў экранізаваны Ежы Гофманам у 1982 годзе, – польскі пісьменнік Тадэвуш Далэнга-Мастовіч (1898 – 1939), які нарадзіўся на Глыбоччыне. Ён аўтар сямнаццаці папулярных раманаў і некалькіх кінасцэнараў.

Ва «Уныках» выступяць польскія акцёры, вядомыя з фільму «Знахар». Здымкі пачнуцца ўжо ў чэрвені і будуць весціся ў Бельску Падляшскім і ваколіцах. Прем’ера запланаваная на снежань гэтага году.

racinieuski_unyki_3

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара