У Дубяжыне з’явіцца скульптура бежанства



У Дубяжыне на Падляшшы ўзнікне скульптура, прысвечаная бежанству. Праца паўстае ў рамках мастацкага пленэру, у якім удзел прымаюць студэнты Кобрыньскага палітэхнічнага каледжа. Працы вядуцца скульптарамі з Беларусі. Сярод іх і Анатоль Туркоў з Камянца, які распавёў нашаму радыё пра характар скульптуры:

– Гэта будзе кампазіцыя. Тут, акрамя самой скульптурнай групы, будзе яшчэ каплічка. Увесь аб’ект павінен быць не вялікім, а камерным, прыземленым. Тут тэма бежанства, таму павінны быць паказаны трагедыя народа і той час.

Мастацкі пленэр працягнецца да нядзелі, 16-га жніўня. Праект ладзіцца Музеем малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, які ачольвае краязнаўца Дарафей Фіёнік.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара