У Гайнаўцы гаварылі пра бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы



У Гайнаўцы расказалі пра аднабаковы бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы, які тычыцца грамадзянаў Еўразвязу. Прадстаўнікі Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” сустрэліся ў старастве Гайнаўскага павета з зацікаўленымі ў наведванні пушчы з беларускага боку.

Паводле дырэктара Асяродка спорту і турыстыкі ў Гайнаўцы Міраслава Авксэнцюка, гэта адкрывае новыя цікавыя турыстычныя магчымасці:

 Хацеў даведацца, якая працэдура. Самае галоўнае – пашпарт, запаўненне электроннай анкеты, пасля чаго дадуць пропуск. А ўжо з гэтым пропускам можна ехаць на мяжу. Мы ездзім туды падчас велапрабегаў. І хочам штораз больш людзей туды павезці, паказаць беларускі бок. Калі ёсць такая патрэба ў людзей, ёсць зацікаўленыя, то добра, што можна такое зрабіць.

Аднабаковы бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы дзейнічае з 12-га чэрвеня. Перасякаць мяжу трэба праз пешаходна-роварны пункт пропуску Грудкі-Перароў. З сабой неабходна мець адмысловы пропуск, які выдае Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, пашпарт і медычную страхоўку.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка

Фота аўтара