У Гайнаўцы пачаліся Дні царкоўнай музыкі



У Гайнаўцы пачаўся 36-ы Міжнародны фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі”.

На ўрачыстым адкрыцці ў саборы святой Тройцы выступіў хор “Благавест” з Рыгі. Фестываль адкрыў Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава. З серады 10 траўня па пятніцу 12 траўня ў саборы будуць праводзіцца конкурсныя праслухоўванні. “Сёлета пакажа сябе 29 хароў з Польшчы, Грузіі, Расеі, Украіны, Румыніі ды ажно 8 з Беларусі,” – кажа дырэктар мерапрыемства айцец Міхал Негерэвіч:

– Вельмі многа хароў з Беларусі. Заявак было каля 30, але мы не ў стане прыняць усіх. Таму мы выбралі лепшыя, на нашу думку, хары, каб паказаць беларускія спевы. Нас цешыць факт, што ёсць шмат прыхадскіх хароў. І ідэя гэтага фестывалю была ў тым, каб даць магчымасць выступіць прыхадскім харам.

Усе конкурсныя праслухоўванні пачынаюцца ў 16 гадзін. Фестываль завершыцца ў  суботу, 13 траўня, агучваннем вынікаў конкурсу. У рамках мерапрыемства пройдзе шмат паасобных канцэртаў у розных мясцовасцях Падляшша і адкрыюцца выставы. Падрабязнасці знойдзеце тут

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка

Фота аўтара