У Гайнаўцы прайшоў марш памяці выклятых жаўнераў (абноўлена)



А 14-й гадзіне паводле польскага часу ў Гайнаўцы пачаўся Першы гайнаўскі марш ў гонар выклятых жаўнераў, які ладзіць радыкальна-нацыяналістычны лагер і Гістарычнае таварыства імя Дануты Седзікувны “Інкі”.

Марш выклікае бурныя эмоцыі на Беласточчыне, паколькі арганізатарамі на ўлётках, якія прапагандуюць марш, змешчана выява Рамуальда Райса “Бурага”. Інстытут Нацыянальнай памяці Польшчы ў 2005 годзе прызнаў, што Райс здзейсніў злачынствы з прыкметамі генацыду.

14:20 (паводле польскага часу):

У Гайнаўцы знаходзіцца нашая рэдакцыйная калега Валя Лаеўская:

— «Раз сярпом, раз молатам — чырвоную галоту!», «Нацыянальная Гайнаўка— гэта толькі некаторыя лозунгі, якія выкрыквалі ўдзельнікі Першага Гайнаўскага маршу выклятых жаўнераў. Паводле паліцыі ў ім прымаюць удзел каля 200 чалавек. Яны выйшлі з-пад касцёла Ўзвышэння Крыжа і цяпер ужо даходзяць да другога касцёла, Кірыла і Мяфодзія. На сваім шляху марш спыніўся ля ўправы горада Гайнаўка, дзе закідалі ўладам Гайнаўкі, што яны не далучыліся да гэтага патрыятычнага маршу. Выступіў таксама адзін малады чалавек, які не прадставіўся, але назваў сябе праваслаўным, які пачаў чытаць такі быццам бы гістарычны нарыс пра тое, якім геройскім жаўнерам быў Рамуальд Райс “Буры”. Марш пакуль што ідзе даволі спакойна, усе дысцыплінаваныя — няма ніякіх інцыдэнтаў.   

16:00 (паводле польскага часу)

Неабыякавыя жыхары Гайнаўкі зладзілі іншую акцыю – мэта якой ушанаванне памяці ахвяраў польскага збройнага падполля. З падрабязнасцямі Валя Лаеўская:

—  Каля 30 чалавек, прадстаўнікоў праваслаўнай Гайнаўкі, прыйшлі з іконамі, між іншым з іконай Заляшанскай Божай Маці да касцёла Кірыла і Мяфодзія дзе закончыўся Першы Гайнаўскі марш выклятых жаўнераў. Узначальваў гэты крыжовы ход манах, які прыехаў з Грэцыі. Ён гаварыў, што ён тут, як прыватная асоба, бо, як чалавек, які паходзіць з-пад Нараўкі, як праваслаўны, ён проста не мог не прыйсці і нічога не зрабіць. Таму ён склікаў некалькі чалавек, якія ўзялі іконы, транспарант: «Буры — не наш герой» і прыйшлі сюды, памаліліся ды мірна сышлі. Гэта адзіны акцэнт прысутнасці праваслаўных у Гайнаўцы і таго, што яны не згаджаюцца з тым, што было на маршы, і тым, што Буры — герой. Што цікава, не было нікога з іерархаў, з прадстаўнікоў праваслаўнай Царквы ў Гайнаўцы. Было даволі многа людзей на вуліцах, якія проста прыглядаліся. Большасць з іх гаварылі, што тыя людзі, якія ідуць у маршы — гэта ў пераважнай большасці не жыхары Гайнаўкі, а прыезджыя. Марш завершаны, людзі разышліся. Паліцыя кажа, што не было ніякіх інцыдэнтаў і Гайнаўка зноў пачынае жыць сваім жыццём.   

Прадстаўнікі левых рухаў зладзілі пікет каля ўправы горада супраць ўшанавання памяці Рамуальда Райса “Бурага”.

У фейсбуку ў многія заклікалі не выходзіць на вуліцы горада, каб байкатаваць Марш выклятых жаўнераў.

***

Жыхары Гайнаўкі ды ваколіц напісалі адкрыты ліст да кіраўніцтва Польшчы, каб выказаць свой пратэст супраць гэтай акцыі. Сярод падпісантаў – стараста Гайнаўскага павета – Міраслаў Раманюк:

– Ідзе размова пра постаць “Бурага”, які вінаваты ў смерці 79 чалавек – бязвінных мірных жыхароў, дзяцей, жанчын.

Сваю пазіцыю адносна сённяшняга маршу выказвае дырэктар беларускага ліцэя ў Гайнаўцы, Яўген Сачко:

Арганізацыя гэтага маршу ў Гайнаўцы, на маю думку, нейкая правакацыя, каб нам на Гайнаўшчыне не жылося спакойна. Думаю, што арганізатары хочуць зноў пасеяць страх сярод праваслаўных беларусаў.

Беларускае Радыё Рацыя