У Кастамлотах ушанавалі пратулінскіх уніятаў-пакутнікаў



У Кастамлотах, што недалёка Тэрэспаля, адбыўся традыцыйны фэст у гонар пратулінскіх уніятаў-пакутнікаў, якія загінулі за адмову пераходзіць у праваслаўе.

У 1874-м годзе вернікаў расстралялі царскія жаўнеры – так на практыцы выглядала ліквідацыя апошняй грэка-каталіцкай дыяцэзіі, якая існавала ў Расейскай Імперыі нават пасля адмены Берасцейскай царкоўнай Уніі на тэрыторыі ўсёй Беларусі.

Пробашч грэка-каталіцкай парафіі ў Кастамлотах, айцец Збігнеў Іканюк, адзначыў, што забіваючы вернікаў, царская ўлада спрабавала застрашыць уніятаў:

-На месцы гэтых мучанікаў загінула дзевяць. Чатыры, з-за цяжкіх ран, памерлі ў першую ноч у хатах. Сваякам не дазволілі іх пахаваць. Іх целы былі прывезены на царкоўны падворак, і гэтыя целы ляжалі на падворку. Зганялі людзей з суседніх мясцовасцяў, суседніх парафіяў, спрабавалі застрашыць, дзейнічалі псіхалагічна, каб людзі пераходзілі ў праваслаўную веру. Вельмі хутка салдаты, якія пільнавалі тыя целы, зразумелі, што гэта адваротны вынік прыносіць. Людзі кленчылі, цалавалі гэтыя целы. Яны ўжо тады іх беатыфікавалі.

Забойства ўніятаў у Пратуліне – гэта далёка не адзіны выпадак, гісторыкі налічылі прынамсі 59 падобных гісторый на Падляшшы. Беатыфікацыя 13-ці пратулінскіх пакутнікаў адбылася ў 1996-м годзе падчас пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя