У Мукачаве працягваецца супрацьстаянне



У раёне горада Мукачава ў Закарпацкай вобласці Украіны працягваецца супрацьстаянне.

Узброеныя байцы „Правага сектара” ўчора ўдзельнічалі ў перастрэлцы з аховай дэпутата Вярхоўнай Рады, бізнесмена Міхаіла Ланьё. На баку апошняга была і міліцыя. На выездзе з горада нацыяналісты знішчылі з гранатамётаў тры міліцэйскія машыны, якімі была заблакаваная дарога. Пасля групу ўзялі ў акружэнне, з імі вялі перамовы пра здачу зброі.

Як інфармуе сайт 112.ua, нацыяналісты, верагодна, выйшлі з акружэння і праз горы пайшлі ў бок раённага цэнтра Пярэчын. У раён перадыслакуюцца падраздзяленні спецназу і Нацгвардыі, бронетэхніка (яна прарвалася праз „блокпост” нацыяналістаў). Туды ж выехала кіраўніцтва „Правага сектара”.

Як вядома, арганізацыя патрабуе адстаўкі мясцовых сілавікоў і міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава, арышту вінаватых у трагедыі ды аб’ектыўнага расследавання. Генпракурор Украіны Віктар Шокін стварыў спецыяльную групу для расследавання падзеяў у Мукачаве.