У Патоцы ўшанавалі памяць ахвяраў польскага збройнага падполля (абноўлена)



Капліцу  ў памяць бязьвінна загінулых жыхароў вёскі Патока дамовіліся пабудаваць жыхары вёскі,  якія сустрэліся падчас 71-ых угодкаў з дня пацыфікацыі вёскі аддзелам польскага ўзброенага падполля.

DSCN1792

Ужо другі год жыхары вёскі разам з настаяцелtм Тапалянскай парафіі Славамірам Аляксеюком маліліся за душы трагічна загінулых.

– У памяць гэтых пакутнікаў пабудуем  на месцы былой царквы каплічку. Мы гэта робім у знак пратэсту супраць крывадушнасці, супраць таго, што з бандытаў, якія забівалі бязвінных людзей, зараз робяць герояў.

– Якраз святкавалі дзень Міколы Цудатворцы, калі была спалена нашая вёска. Страшна было. Нас выганялі, казалі, што вашае месца ў Расеі, туды і едзьце.

Спонсарам капліцы выступіў мясцовы жыхар Анджэй Шум. Гэтую ідэю падтрымалі жыхары вёскі, ствараецца ініцыятыўная група пабудовы капліцы. Такім чынам Патока хоча пакінуць нашчадкам перасьцярогу, каб такія пацыфікацыі ніколі не паўтараліся.

Вёска Патока была пацыфікаваная 22 траўня 1945 года . У пажары загінула трое дзяцей.

* * *

Жыхары Патокі, што ў гміне Міхалова на Беласточчыне, ды  яе ўраджэнцы збяруцца сёння ля крыжа ў вёсцы, каб ушанаваць памяць закатаваных 16-га траўня і загінулых падчас пацыфікацыі  22-га траўня 1945 года.  Сёння ў 71-ю гадавіну трагедыі вёскі ў Патоцы адслужаць паніхіду ў памяць ахвяраў, а таксама як напамін, каб ніколі такое не паўтарылася:

– Было свята Мікалая Цудатворцы, вёска святкавала. Пасядзелі крыху на вуліцы,  пасля разышліся. А пазней чуем, што партызаны прыйшлі. І сапраўды, убачылі на панадворках партызанаў.

– Паліць нас прыехалі 22-га траўня. Я быў у суседа на вячорках. Сцямнела, прыйшлі партызаны, ніхто не спадзяваўся. Загналі нас за вёску і сказалі, што за адну польскую вёску спаляць дзесяць праваслаўных. За аднаго паляка заб’юць дзесяць беларусаў. То добра, што ў нас не ранілі ніводнага салдата, а то вынішчылі б усю вёску.

Вёска Патока была спаленая па загадзе камандзіра 5 віленскай брыгады АК маёра Зыгмунта Шэндзеляжа псеўданім “Лупашка”. Амаль месяц таму 24 красавіка адбылося ўрачыстае перапахаванне ягоных парэшткаў з удзелам прэзідэнта Польшчы і прадстаўнікоў найвышэйшых уладаў.

Указам міністра абароны маёр „Лупашка” быў павышаны да палкоўніка. Імем Зыгмутна Шэндзеляжа “Лупашкі” хочуць назваць адну з вуліцаў у Беластоку.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя