У Польшчы адзначаецца Дзень нацадукацыі



14 кастрычніка ў Польшчы адзначаецца Дзень нацыянальнай адукацыі. З гэтай нагоды ўрачыстасць у гонар педагогаў і працаўнікоў асветы арганізавала Падляшская кураторыя ў Беластоку.

Настаўнік Уладзімір Вавульскі з Бельскага белліцэя сёлета атрымаў Падляшскую ўзнагароду куратара асветы.  Ён выкладае гісторыю, а ў праграму навучання часта ўводзіць элементы гісторыі мясцовых беларусаў:

– Гэта гісторыя, якую распавядалі дзяды, а можа і прадзеды, напрыклад, пра бежанства. У класах, дзе гэта выпадае, варта каб была не толькі гісторыя свету, краіны, Еўропы, а каб была гісторыя Бельска, нейкіх іншых малых вёсачак вакол нашай малой Бацькаўшчыны.

Медалі і крыжы за заслугі з нагоды дня нацыянальнай адукацыі атрымала каля 700 настаўнікаў з Беласточчыны. У Падляшскім ваяводстве працуе каля 24 тысяч настаўнікаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара