У Польшчы пратэстуюць настаўнікі



Прайшлі пікеты супраць рэформаў сістэмы адукацыі ў Польшчы, між іншым, ліквідацыі гімназіяў. Сябры Саюза польскіх настаўнікаў не пагаджаюцца са зменамі, якія рыхтуе Міністэрства адукацыі, і пратэстуюць ва ўсіх ваяводскіх гарадах.

dsc05132

У Беластоку перад управай ваяводства пікетавала каля 200 педагогаў. Гэта выкладчыкі з гімназіяў, якія баяцца скарачэнняў штатаў, – кажа віцэ-старшыня беластоцкага СПН Андрэй Усціновіч:

– З-за ліквідацыі гімназій на вуліцы акажуцца 36 тысяч настаўнікаў,  15 тысяч рабітнікаў абслугоўваючага персанала, адміністрацыі, 7, 5 тыс дырэктароў. Гэта справакуе вялікі хаос. Гэта не патрэбна нам. Польшча не гатовая да чарговай рэформы адукацыі.

Паводле настаўніцы беларускай мовы з гімназіі № 7 у Беластоку Альжбеты Рудкоўскай, пакуль што невядома колькі гадзінаў беларускай мовы будзе ў 7-м ды 8-м класе пачатковай школы:

– Калі па матэматыцы, па польскай мове ці па іншых прадметах ведаюць, колькі  гадзін будзе, то беларускай мовы ў гэтай дзясятцы гадзін няма. Можа атрымацца так, што настаўнікам не будзе працы ў школах.

Згодна з планамі Міністэрства адукацыі Польшчы, з наступнага навучальнага года вяртаецца васьмігадовая пачатковая і чатырохгадовая сярэдная школы. Будзе ліквідавана гімназія, якая ўзнікла пасля рэформаў адукацыі ў 1999 годзе.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара