У Саколе да вясны развіталіся з цягніком да Станцыі-Валілы



Гэта апошняя магчымасць праехацца сярод прыроды Кнышынскай пушчы так званай “палескай чыгункай”. У надзелю а 9-й гадзіне з беластоцкага вакзала ад’едзе апошні ў гэтым годзе цягнік у кірунку Станцыі-Валілы.

dsc05125

Паводле ініцыятара аднаўлення цягніка жыхара вёскі Саколе Андрэя Каспяровіча, цягнік вернецца ў наступным годзе і будзе адпраўляцца рэгулярна.

– У 2017 годзе цягнік будзе хадзіць рэгулярна, будзе тры пары штодзённа. Але я думаю, што будзем старацца адкрыць лінію аж да Зубкоў.

З ліпеня цягніком у Станцыю-Валілы падарожнічала каля 2400 чалавек, у тым ліку 330 пасажыраў ехала з веласіпедамі, кажа сябра таварыства “Чыгуначнае Падляшша” Марцін Адам Врубель:

– Каб не было гэтага цягніка, людзі сядзелі б дома. Цягнік з’яўляецца турыстычным сродкам. Таму ў будучым трэба развіваць у рэгіёне турыстыку, арганізоўваць па трасе мерапрыемствы і развіваць гэтае злучэнне.

Чыгуначнае злучэнне на трасе Беласток – Станцыя-Валілы аднавілі ў ліпені гэтага года пасля пятнаццаці гадоў перапынку. Урачыстае развітанне з чыгункай адбылося ў вёсцы Саколе,  што па дарозе ў Валілы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Саколе

Фота аўтара