У Супраслі ўшанавалі памяць архіепіскапа Мірана Хадакоўскага



У Супраслі ўшанавалі памяць архіепіскапа Мірана Хадакоўскага,  капелана Польскага войска, які стаў адной з ахвяр авіякатастрофы прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам у 2010 годзе.

У праваслаўным манастыры ў Супраслі сабраліся сям’я, браты манахі і прадстаўнікі ўладаў. Кветкі і знічы на магіле архіепіскапа усклалі ваявода Багдан Пашкоўскі і прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.

 Паводле сябры ўладыкі айца палкоўніка Міхала Дудзіча, смерць архіепіскапа Мірана надалей баліць і гэта вялікая страта для праваслаўных у Польшчы.

— Уладыка быў для нас і калегай, і айцом, і братам. Усё яго так узгадваюць. Ён заўсёды стараўся быць з людзьмі. Супрасль быў для яго вельмі цэнным і дарагім.

Архіепіскап Міран з 1984 года быў начальнікам Супрасльскай лаўры, якую аднавіў пасля ваенных разбурэнняў. Парэшткі ўладыкі спачываюць у склепе адбудаванай ім царквы Дабравешчання.

Галоўныя ўрачыстасці ў памяць памерлых у авіякатастрофе пройдуць у Беластоку на вуліцы Ліповай, ў 19:00 ля помніка загінулым у Смаленскай авіякатастрофе.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя