Чарговая прэзентацыя Беларускай Аналітычнай Працоўні (абноўлена)



Асноўнай тэмай сустрэчы было “ўздзеянне расейскіх СМІ на Украіну”. Адмысловым госцем быў украінскі сацыёлаг, дырэктар Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі Уладзімір Паніотта. Нягледзячы на тое, што ва Украіне ўжо больш як год забароненая трансляцыя галоўных расейскіх тэлеканалаў, у межах усёй краіны іх аглядальнасць дасягае 20%, зазначыў сацыёлаг:

– Трэба сказаць, што тыя каналы забаранілі не ўсе, і не ўсе выконваюць забарону, і ёсць рэгіёны Украіны, дзе не кантралюецца сітуацыя. Акрамя таго, тыя каналы можна глядзець па інтэрнэту. Таму значная частка людзей усё ж такі глядзіць расейскія каналы, сочыць за расейскім інтэрнэтам. Праводзіліся апытанні на тэму, колькі людзей глядзяць расейскія тэлеканалы. Глядзяць 15-20% насельніцтва там, дзе іх не цалкам адключылі.

Таксама Уладзімір Паніотта адзначыў, што пасля перамогі Майдану паўднёвыя вобласці сталі больш падобнымі да цэнтральных з пункту гледжання грамадскіх настрояў. Тым не менш, па-за Данбасам, сярод абласцей, якія цалкам кантралююцца Украінай, выдзелены ў час даследаванняў індэкс выніковасці ўплыву расейскай прапаганды застаецца вельмі высокім. У Адэскай вобласці ён дасягае 42%, а ў Харкаўскай – ажно 50%.

* * *

Падчас чарговай сустрэчы Беларускай Аналітычнай Працоўні, якая адбывалася ва “Украінскім свеце” ў Варшаве, было ўзнята пытанне ўплыву расейскіх СМІ на Беларусь. Доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі адзначыў, што адным з індэкатараў уплыву з’яўляецца ацэнка анэксіі Крыма. Паводле прэзентаваных даследаванняў, 2/3 беларусаў дагэтуль лічаць, што анэксія Крыма была апраўданая, хоць і назіраецца вельмі маленькі спад колькасці прыхільнікаў такога меркавання:

– Лічба змянілася ў бок паніжэння, у пазітыўны бок. Але дынаміка вельмі кволая. Прыкладна 2/3 беларусаў лічаць, што гэта юрыдычна правільная падзея. Гэта большасць, але гэта менш чым у Расеі, там падаўляльная большасць. Паглядзім, якая будзе дынаміка.

Андрэй Вардамацкі таксама адзначыў, што такога моцнага ўплыву расейскіх СМІ на грамадскую думку раней ніколі не назіралася, і гэтае ўздзеянне цяжка параўнаць з іншай гістарычнай сітуацыяй.

2015-06-26_Zavalnia_Vardamacki_Krym_fota

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя