У Варшаве дыскутавалі пра “Польскія медыя на Усходзе”



Меры і спосабы супрацьстаяння расейскай інфармацыйнай прапагандзе, аналізы яе ўплыву на меркаванні людзей у Беларусі, Украіне, Латвіі ды Літве – у Варшаве адбылася міжнародная канферэнцыя «Польскія медыя на Усходзе».

20150422_125432

 

Старшыня фонду «Вольнасць і Дэмакратыя» Міхал Дворчык адзначыў, што настолькі буйных польскіх медыя-праектаў як беларускія «Радыё «Рацыя» ці Белсат на Усходзе няма, але і яны выконваюць важную ролю ў тым, каб да насельніцтва даходзіла аб’ектыўная інфармацыя з Захаду:

– Кола незалежных медыя дастатковае, каб дасылаць аб’ектыўную інфармацыю жыхарам Беларусі. Зразумела, што нельга польскія медыя параўноўваць з такімі вялікімі праектамі як Беларускае Радыё Рацыя, Белсат ці Еўрарадыё. Польскія медыя, польскія парталы, праграмы радыё і тэлебачання таксама важныя, бо ў Беларусі жыве шмат палякаў, таму варта, каб і для іх быў падрыхтаваны медыяльны матэрыял на польскай мове.

«Расейская прапаганда стала сур’ёзнай пагрозай для польскай меньшасці і беларускага грамадства, таму неабходна дапамога з боку польскіх уладаў па ўзмацненні медыйных праектаў, якія працуюць на Усходзе», – лічыць удзельніца канферэнцыі, старшыня галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс:

– Гэтыя медыя мы залічваем да незалежных – незалежных ад улады, а гэта значыць – некантралюемых  ёю. Канешне, найважнейшая задача сёння – супрацьстаяць татальнай русіфікацыі.

Міжнародную канферэнцыю «Польскія медыя на Усходзе» арганізавала камісія па сувязях з палякамі за мяжой польскага Сейму супольна  з фондам «Вольнасць і дэмакратыя».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара