У Варшаве прайшла акцыя „Вяртанне імёнаў”



На Замкавым пляцы ў Варшаве адбылася акцыя “Вяртанне імёнаў”. На працягу дзвюх гадзінаў палякі, расейцы, беларусы і ўкраінцы  чыталі спісы расстраляных сталіністамі. Журналістка Ірына Халіп, якая ўзяла ўдзел у акцыі, адзначыла, што ўшанаванне памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў цяпер набывае асаблівае значэнне:

– Такія дні мы не павінны забываць. Калі і ў Беларусі, і ў Расеі ідзе татальнае знішчэнне і перапісванне гісторыі, становіцца вельмі важнай, як мне здаецца, гэтая місія, якую ўзялі на сябе і расейскі “Мемарыял”, і беларускія ды ўкраінскія гісторыкі, палітыкі: захоўваць, вяртаць імёны і рабіць так, каб пра іх памяталі.

Вядомы расейскі тэлевядучы Віктар Шандаровіч зазначыў, што Беларусь і Расея, у адрозненне ад Польшчы, яшчэ не ўсвядомілі маштабы рэпрэсіяў:

– Польшча, прайшоўшы праз гэты жах, працягвае асэнсоўваць, чаго не скажаш пра Беларусь і Расею, дзе засакрэчаны спісы і дадзеныя. І тое, што атрымалася зрабіць у 90-ыя, у той невялікі перыяд свабоды, – гэта імёны. Іначай мы мелі б справу з нямымі лічэбнікамі. Гэта вельмі актуальнае і хворае пытанне для расейцаў, бо намі зараз кіруюць нашчадкі і калегі тых, хто расстрэльваў.

Акцыя “Вяртанне імёнаў” традыцыйна праводзіцца ў Маскве перад Лубянкай. Сёлета мерапрыемства вырашылі паралельна араганізаваць у Варшаве. У польскай сталіцы сумесна з супольнасцю “Мемарыял” яе праводзіла таварыства “За свабодную Расею!”

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара