У Васількаве – злёт маржоў



Аматары купання ў ледзяной вадзе з мясцовасцяў Сямятычы, Аўгустаў, Браньск, Саколка, Беласток, а нават з Мазураў прымаюць удзел у Падляшскім злёце маржоў. У Васількаве, што каля Беластоку, у ваду ўвайшло каля 150 чалавек. Перад уваходам у ваду маржы, рыхтуючыся, бегалі вуліцамі гораду, каталіся на трохасабовых лыжах ды хадзілі па гарачых вуглях:

– У нашым клубе людзі рознага ўзросту, наймалодшаму – 4,5 года, найстарэйшым каля 70-ці гадоў.

– Хацеў паспрабаваць, ці дам рады акунуцца, ці вытрымаю пастаяць троху ў ледзяной вадзе. Калега мяне запрасіў і мы паехалі разам. Першы раз, другі. І цяпер штонядзелю.

Міраслаў Бяляўскі, бурмістр Васількава: Чакалі на гэты злёт у Васількаве. Як бурмістр хачу даць добры прыклад для іншых і заахвоціць. Гэтым варта займацца. Чалавек адразу інакш сябе адчувае пасля такой купелі.

– Можа ў наступным годзе пачну. Бо я бачу па знаёмых – яны здаровыя. Пакуль што ёсць страх да халоднай вады. Думаю, да наступнай зімы насмелюся.

Злёт аматараў купання ў ледзяной вадзе арганізуе бурмістр Васількава і Падляшскі клуб маржоў. Чарговае купанне – 24 студзеня ў 13 гадзін. Падляшскія маржы запрашаюць кожную нядзелю на вадасховішча ў Васількаве.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара