У Вільні ўшануюць памяць Сяргея Паўловіча



У Вільні 26 верасня ўшануюць памяць Сяргея Паўловіча, выдатнага беларусіста, дырэктара Віленскай гімназіі, выкладчыка віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі, аднаго з тых, хто ў 20-я гады мінулага стагоддзя намагаўся, каб рэлігійнае богаслужбы праводзіліся на беларускай мове. Ва ўшанаванні памяці Сяргея Паўловіча прымуць сябры беларускіх культурніцкіх арганізацый Літвы ды Беларусі, – кажа старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч.

– Плануецца сустрэча а 12-й гадзіне на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні, дзе пахаваны Сяргей Паўловіч. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць каля яго магілы. Будзе ўскладанне кветак. Праваслаўны святар протаіерэй Уладзімір Рынкевіч правядзе службу і затым адбудзецца ускладанне кветак. Пакуль запланаваны ўдзел Таварыства беларускай культуры, асацыяцыі “Крыўя”, таксама абяцалі прыехаць з Менску прадстаўнікі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і менскага брацтва “Трох віленскіх пакутнікаў”.

Сяргей Паўловіч з’яўляецца аўтарам беларускамоўных падручнікаў па навучанню рэлігіі для праваслаўных дзяцей. Актыўна выступаў супраць паланізацыі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933 гадах. Крытыкаваў прымусовае ўвядзенне ў беларускіх школах лацінкі, але сам ёй таксама карыстаўся. У публіцыстыцы найперш на старонках часопіса «Беларускі летапіс» шмат увагі надаваў пытанням самаадукацыі і хатняга выхавання, культурна-асветніцкай рабоце ды рэлігійнай адукацыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя