У Заляшанах ушанавалі памяць ахвяраў польскага збройнага падполля



70 гадавіну пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне і забойствы мірных жыхароў аддзелам польскага ўзброенага падпольля пад камандаваннем Рамуальда Райса, псеўданім «Буры», ўшанавалі ў Кляшчэлях і Заляшанах.

Вёска Заляшаны гарэла якраз 70 гадоў таму 29 студзеня 1946 года. «Памятаем і молімся, каб такое больш не паўтаралася», —  сказаў настаяцель праваслаўнага прыхода ў Кляшчэлях айцец Мікалай Келбашэўскі:

— Памолімся за тое, каб гэтыя моманты і гэтыя страшныя хвілі, якія былі і засталіся ў народзе, каб іх не было.

Жыхары вёскі:

— Пасля пажару мы жылі ў зямлянцы.

— За што яны спалілі нявінных людзей? За тое, што праваслаўныя? Тады 19 чалавек загінула. У газетах пісалі то 14 то 16, але іх 19 загінула тады.

— А дзяржава забыла пра гэта. Не памятае і не будзе памятаць.

З 29 студзеня па 2 лютага аддзел польскага ўзброенага падполля спацыфікаваў вёскі Вулька Выганоўская, Заляшаны , Шпакі Зане і Канцавізна. У гэтых вёсках загінулі ад стрэлаў або былі спаленыя каля 50 мірных жыхароў. Рамуальд Райс Буры адказны таксама за сьмерць 30 вазакоў, закатаваных ля вёскі Старыя Пухалы. Адмысловыя заявы ў памяць ахвяраў Бурага прынялі радныя горада Бельск-Падлшяскі і Гайнаўскага павета.

Рэпартаж з Заляшанаў слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Мацей Рацінеўскі