Украіна еўрапейскі лідар па „чорным піяры”



Украіна выходзіць у еўрапейскія лідары па брудных перадвыбарчых тэхналогіях. На апошніх выбарах у Вярхоўную Раду кандыдаты ў дэпутаты практыкавалі і раздачы электарату прадуктовых пакетаў непасрэдна перад галасаваннем, і “чорны піяр” супраць канкурэнтаў, і нават пагрозы фізічнай расправы. 25 кастрычніка ва Украіне маюць адбыцца выбары ў органы мясцовага самакіравання.

Якія перадвыбарчыя тэхналогіі задзейнічаныя гэтым разам? Як скупляюць галасы выбаршчыкаў? Адкуль бяруцца палітычныя партыі-“клоны”?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з, кіраўніком рэгіянальнага чарнігаўскага праекта “Люстрацыйны бюлетэнь”.

Уладзімір Паляшчук: Прапанова амерыканскіх паліттэхнолагаў для Парашэнкі была такая: зрабіць колькі партый, каб кантраляваць праз іх уладу. Гэта “Наш край”, “Салідарнасць”, “Аграрная партыя”, “Адраджэнне” – гэта ўсё партыі, якімі кіруе Пётр Парашэнка. На нізавым узроўні між імі ідзей вайна, але ж партыі створаныя з мэтай прыватызаваць усё яшчэ непрыватызаваныя аб’екты – напрыклад, газаразмеркавальныя сеткі.

РР: Вы маеце на ўвазе газ насельніцтву?

Уладзімір Паляшчук: Менавіта так, газ для насельніцтва.

РР: А чаму да мясцовых выбараў ва Украіне такая вялікая ўвага і з боку Кіева, і з боку рэгіянальных палітыкаў, і з боку медыя? У чым іх важнасць?

Уладзімір Паляшчук: Пасля Майдану людзі чакалі змен. Мясцовыя выбары – адна з нешматлікіх надзеяў хоць на нейкія змены.

РР: Але ж вы сцвярджаеце, што пасля выбараў можа адбыцца так званы “дэрыбан” уласнасці, якую яшчэ не прыўлашчылі папярэднія ўлады.

Уладзімір Паляшчук: Так.

РР: Якія перспектывы палітычных партый па Чарнігаву і вобласці? Хто можа прайсці на выбарах, хто не можа?

Уладзімір Паляшчук: Пройдзе “Самапомач”, пройдзе “Салідарнасць” Пятра Парашэнкі, пройдзе “Наш край”, таксама Пятра Парашэнкі, магчыма – “Аграрная партыя” “Бацькаўшчына”, “Укроп”, “Радыкальная партыя Алега Ляшка”, бо ў іх даволі высокі рэйтынг.

РР: Апошнія выбары, якія праходзілі ў Чарнігаве, сталі вядомымі і ва Украіне, і па-за яе межамі неверагоднай скарумпаванасцю. Ці можна чакаць нечага падобнага і цяпер?

Уладзімір Паляшчук: А яно і цяпер так і робіцца! Цяпер з бюджэтных сродкаў даюць па 500 грыўняў студэнтам, настаўнікам, пенсіянерам… Партыя “Наш край”. Ёсць інфармацыя, што і “Салідарнасць” скупляе галасы па 800 грыўняў.

РР: То бок атрымліваецца, што прапрэзыдэнцкая партыя займаецца відавочнай перадвыбарчай карупцыяй?!

Уладзімір Паляшчук: Менавіта!

Сёлета ў Чарнігаве ўжо праходзілі давыбары ў Вярхоўную Раду. Яны прайшлі з абуральнымі парушэннямі з боку ўсіх кандыдатаў і былі прызнаныя самымі скандальнымі і карупцыйнымі за ўсю гісторыю сувярэннай Украіны.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя