Украінскія праграмісты стварылі мабільны дадатак „Вярнуць Крым”



Адна з галоўных мэтаў гэтага дадатку, паводле яго стваральнікаў – нагадаць, што Крым – гэта ўкраінская тэрыторыя, анэксаваная Расейскай Федэрацыяй.

2015-12-12_achromienka_mabilny_dadatak_krym_ukraina

Скан мабільнага дадатку “Вярнуць Крым”, паволе Gazeta.ua

Па жанры мабільны дадатак “Вярнуць Крым” – класічная інтэрактыўная міні-стратэгія. Уладальнік гаджэту на платформе Android можа бескаштоўна запампаваць гэтую гульню з каталогу дадаткаў Google Play, а далей, выкарыстоўваючы вайсковую тэхніку, распачаць вызваленне Крыма ад расейскіх агрэсараў. Гульцы могуць выкарыстоўваць віртуальныя танкі, БТРы, БМП, артылерыйскія сістэмы розных калібраў, а таксама вайсковыя самалёты і сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Пры гэтым граць у мабільным дадатку “Вярнуць Крым” можна толькі за Украіну.

Стваральнікі мабільнай аплікацыі сцвярджаюць, што гульня не заклікае да міжнацыянальнай варожасці ці агрэсіі. Мэта гульні – нагадаць пра тое, што Крым  гэта Украіна.

Гэта далёка не першая мабільная стратэгія, распрацаваная ва Украіне. Раней з’яўляліся стратэгіі, прысвечаныя падзеям на Майдане 2014 года, а таксама украінскаму выбарчаму працэсу.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя