Украінскія тураператары засвойваюць беларускі кірунак



Ад нядаўняга часу ў Луцку зарганізаваны турыстычны маршрут “Спадчына князёў Сярэднявечча – Мір і Нясвіж”.

Украінскія тураператары пазіцыянуюць Беларусь, як “краіну Замкаў”. Таму і акцэнт экскурсіі – на наведванні двух найбольш вядомых беларускіх фартэцый у Міры і ў Нясвіжы. Гасцям з Валыні прапануецца таксама наведаць Гародню, каб азнаёміцца з Каложскай царквой, гарадзенскімі касцёламі і замкам, а таксама агледзіць палац Пуслоўскіх у Косава. Таксама ў праграме і Менск, дзе ў якасці галоўных турыстычных аб’ектаў украінскія тураператары пазначылі праваслаўныя і каталіцкія храмы, а таксама Ратушу.

Пераважная большасць экскурсій праводзіцца па-расейску, і гэта іншым разам выклікае шчырае непаразуменне турыстаў з Валыні: маўляў, знаёміць украінскіх гасцей з гістарычнай і культурнай спадчынай Беларусі куды больш слушна беларускай мовай, якую ўсе без выключэння ўкраінцы выдатна разумеюць.

Каштуе такі тур каля дзвюх з паловай тысяч грыўняў, то бок каля 100 даляраў, шт о супаставіма з коштам тура па Ўкраіне.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя