Улады няпрызнанай ЛНР пацвердзілі забойства Аляксея Мазгавога



Улады няпрызнанай Луганскай Народнай Рэспублікі пацвердзілі забойства аднаго са сваіх лідараў Аляксея Мазгавога.

Аляксей Мазгавы ўзначальваў брыгаду “Прывід” і лічыўся адным з найплывовых людзей ЛНР.

З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Джып Аляксея Мазгавога быў падарваны кіруемым выбухам на шашы Алчаеўск-Луганск, пасля чаго машыну расстралялі з буйнакаліберных кулямётаў. Ганна Асеева, прэсовая сакратарка брыгады “Прывід”, загінула на месцы разам з кіроўцам і целаахоўнікамі Мазгавога. Сам Аляксей Мазгавы памёр па дарозе ў шпіталь праз сорак хвілінаў. Загінула і двое мірных жыхароў, якія былі ў машыне, што выпадкова праяжджала непадалёк. Забойства Аляксея Мазгавога і яго паплечнікаў адбылося на тэрыторыі, кантралюемай уладамі Луганскай Народнай Рэспублікі.

 Лідар непрызнанай ЛНР Ігар Платніцкі выказаў спачуванне сваякам нябожчыка, але пры гэтым падкрэсліў, што з Аляксеем Мазгавым у яго былі “сур’ёзныя ідэалагічныя разыходжанні”. Дарадца Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка сцвярджае, што Мазгавога зліквідавала дыверсійная група ГРУ Расейскай Федэрацыі акурат па прычыне канфліктаў з Ігарам Платніцкім.

Беларускае Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна