Уладыка Антоній: У беларусаў будзе свая аўтакефальная царква



Чалавеку, які ўпершыню трапляе ва Украіну, даволі цяжка ўцяміць тутэйшую рэлігійную карціну. Грэка-католікі, рыма-католікі, пратэстанты размаітых накірункаў, а яшчэ – мусульмане і юдзеі, якія жылі тут спрадвеку… Ну, і натуральна, праваслаўныя, якіх у краіне абсалютная большасць. Адных толькі праваслаўных канфесій ва Украіне ажно тры.

Чаму ўкраінскія праваслаўныя іерархі вырашылі адмежавацца ад праваслаўя маскоўскага? Як за савецкім часам вербавалі святароў у “стукачы” КГБ? Што думаюць іерархі Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага Патрыярхату пра перспектывы беларускай аўтакефаліі?

Machota_06

З Мітрапалітам Хмяльніцкім і Камянец-Падольскім, Уладыкам  Антоніем (Махотам) пагутарыў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

РР: Уладыка, ва Украіне ажно тры праваслаўных царквы… Распавядзіце, калі ласка, падрабязней!

Уладыка Антоній: Так, на сённяшні дзень у нас ёсць тры канфесіі. Гэта Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Украінская Аўтакефальная праваслаўная царква. Розніца – толькі ў адміністрацыйным падпарадкаванні зямному адміністрацыйнаму цэнтру. Маскоўская царква ў асобе мітрапаліта падпарадкоўваецца свайму Патрыярху ў Маскве, наш Патрярх Філарэт – украінскаму народу і сіноду, а Украінская Аўтакефальная царква мае свайго прадстаяцеля ва Украіне. Што тычыцца канонаў, то розніцы няма. Хіба што ў тым, што УПЦ МП вядзе богаслужбу ў расейскай мове, а УПЦ КП і УАПЦ – па-украінску.

РР: Чаму ўкраінская праваслаўная царква вырашыла адмежавацца ад Масквы?

Уладыка Антоній: Мы вырашылі аднавіць гістарычную справядлівасць. Царкоўная незалежнасць, ці, як яе яшчэ называюць, аўтакефалія, была адабраная ў нас яшчэ за часамі Маскоўскага царства. Калі Украіна стала незалежнасць, мы яе проста аднавілі. Але потым пайшлі далей – абралі свайго Патрыярха. Наш духоўны цэнтр заўсёды быў у Кіеве, і толькі за дабраслаўленнем звярталіся да Канстантынопаля…

РР: Але ж тая ж РПЦ МП на кожным кроку сцвярджае, што Кіеўскі патрыярхат, маўляў, “некананічны” і “нікім не прызнаны”, што гэта раскольнікі і самазванцы. Пракаментуйце, як можна!

Уладыка Антоній: Тлумачэнне слова “канон”, што ў перакладзе з грэцкай азначае “закон”, у царкоўным разуменні для іерархаў Маскоўскага патрыярхату даволі дзіўны і цікавы. Напрыклад: наш свяцейшы Патрыярх Філарэт амаль трыццаць гадоў узначальваў фактычную філію Маскоўскага патрыярхату ва Украіне. За гэты час ён рукапаклаў усіх епіскапаў цяперашняй Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату… Ёсць зямное разуменне, але ёсць і нябеснае. Не думаю, што Духам Святым можна круціць, бы тым кранікам з вадою. Кожны з нас разумее, што Дух Святы там дзе хоча, там і дыхае.

РР: Раз-пораз усплывае інфармацыя пра праваслаўных святароў, якія яшчэ за часам СССР былі завербаваныя КГБ. Гэта так?

Уладыка Антоній: Сапраўды, вы слушна гаворыце. Аддзел па справах рэлігіі і веравызнанняў за Саветамі быў структурай КГБ. Абсалютна ўсё, што тычылася дзяржаўнай рэгістрацыі парафій ці рэлігійных дзеячоў, праходзіла праз іх. Сядзеў у тым аддзеле такі падпалкоўнік ці палкоўнік, які меў пасаду ўпаўнаважанага па рэлігійных справах, які і даваў тады ўсім “пуцёўку ў жыццё”. І амаль кожнаму з нас, праваслаўных святароў, якія сыходзілі “на парафію”, прапаноўвалася “супрацоўніцтва”, а іншымі словамі – “стаць стукачом”.  Хто падпісваў, хто не падпісваў…

РР: А вас таксама спрабавалі вербаваць у КГБ?

Уладыка Антоній: Вядома ж, вербавалі! Паперку с прапановай паставіць подпіс “пра супрацоўніцтва з органамі” давалі ўсім, хто атрымліваў “Даведку пра дзяржаўную рэгістрацыю”, а без гэтай даведкі ты не меў права распачаць душпастарскую службу. Хто быў маладушны, ці на каго мелі нейкі кампрамат, можа, і ламіўся. Але мяне, звычайнага святара, не было, чым шантажаваць, і таму я адмовіўся…

РР: У медыях, нават расейскіх, раз-пораз праходзіць інфармацыя пра святароў РПЦ МП, якія са зброяй ваююць супраць украінцаў. Гэта кананічна?

Уладыка Антоній: Гэта супярэчыць і чалавечай маралі, і маралі хрысціянскай. Калі святар прымае пастарскі абавязак, то дае такую клятву самому сабе і Богу, што ніколі не будзе браць зброю ў рукі. Яго зброя – слова Божае.

РР: Святары УПЦ КП былі і на Майдане, і дапамагалі параненым. Гэта агульнай палітыка УПЦ КП ці прыватная ініцыятыва святароў?

Уладыка Антоній: Украінскі святар пайшоў да свайго ўкраінскага народа. То як бы душа прыядналася да цела… І мы проста былі забавязаныя туды пайсці – і асабіста, і зарганізавана!

РР: Уладыка, вы – чалавек з прыродным пачуццём гумару. Гэта дапамагае?

Уладыка Антоній: Вядома ж, дапамагае. Я ж таксама жавы чалавек! У душы я вельмі перажываю з таго, што бачу… Увогуле, за апошні год стаў вельмі сантыментальным. Я плачу пасля хаўтураў дзевятнаццацігадовага хлопца, які загінуў на Данбасе. Бо разумею, як цяжка яго маці і што азначае сына страціць на вайне…

РР: УПЦ вырашыла стварыць музей беларускай паэткі Зоські Верас у Меджыбожы. Як з’явілася такая думка?

Уладыка Антоній: Прэсовую службу нашай епархіі ўзначальвае а. Сяргей, беларус. Я бачу, насколькі ён любіць свой народ. І, як мітрапаліт, таксама мушу яго падтрымаць. І я буду спрыяць усяму, што тычыцца нашых братоў-беларусаў. Ёсць у мяне мара – вывучыць літургію беларускай мовай у падзяку ўсім беларусам, якіх я ведаю, шаную і паважаю!

РР: Беларускія праваслаўныя маюць права на сваю нацыянальную царкву?

Уладыка Антоній: Не проста маюць права, але і будуць абавязкова мець сваю Беларускую аўтакефальную царкву, і свайго прадстаяцеля, і багаслужбу беларускай мовай! Беларускі народ перад Госпадам – такіж самы, як і ўсе іншыя народы!

Антоній (Махота), Мітрапаліт Хмяльніцкі і Камянец-Падольскі УПЦ КП. Нарадзіўся ў вёсцы Слаціна на Слабажаншчыне. Мае вышэйшую тэхнічную адукацыю. У 1991 годзе рукапакладзены ў святары. У 1995 годзе перайшоў ва Украінскую праваслаўную царкву Кіеўскага патрыярхату. У 1996 годзе прыняў пастрыг. Узначальваў Крымскую катэдру. З 1997 года – епіскап Хмяльніці і Камянец-Падольскі. У 2012 годзе ўзведзены ў сан мітрапаліта.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Здымкі з архіва Марціна Войны і Уладыкі Антонія