Узнагароды ад прэзідэнта за доўгае жыццё ў шлюбе



Залатое і дыяментавае вяселле жыхароў гміны Бельск-Падляшскі. 20 сужэнстваў, якія пражылі разам 50 або 60 гадоў, атрымалі ад прэзідэнта Польшчы памятныя медалі і дыпломы за шматгадовае шлюбнае жыццё. Медалі на адмысловым мерапрыемстве ўручала войт гміны Бельск-Падляшскі  Раіса Раецкая:

— Мы маем 20 параў, ёсць яшчэ і іншыя пары, бо іх было каля 40, але, на жаль, па розных прычынах яны не маглі прыехаць сюды, таму мы ім адвязём іхныя ўзнагароды, бо гэта адна з найбольш важных узнагародаў у жыцці: пражыць у згодзе 50 гадоў і з усмешкай прыйсці на ўрачыстасць — гэта вялікае дасягненне.

Сярод юбіляраў была і пара, якая пражыла 70 супольных гадоў. У час мерапрыемства, якое прайшло ў будынку гміны Бельск-Падляшскі, былі віншаванні, торт і канцэрт хору з Бельскага дома культуры.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя