Ва Украіне адраджаюць кавалерыю



Слова “кавалерыя” міжволі выклікае рамантычныя асацыяцыі: крылатыя гусары, рэйды па варожых тылах і, вядома ж, наш вершнік з “Пагоні”. Здавалася б, часы зухаватых кавалерыйскіх атак даўно засталіся на старонках падручнікаў гісторыі і на тэлевізійных экранах.

Але ж ва Украіне кавалерыя нечакана адраджаецца. Да стварэння гэтага роду войскаў прыклаў руку і чарнігаўскі беларус, ветэран Антытэрарыстычнай аперацыі Сяргей Багукалец, адзін з абаронцаў Луганскага аэрапорта.

Адкуль узнікла патрэба адрадзіць баявых коннікаў у ХХІ стагоддзі? Якія патрабаванні ёсць да сучасных кавалерыстаў? Якім можа быць працяг Антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны?

З Сяргеем Багукальцам гутарыў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

РР: Калі ласка, раскажыце падрабязней: што гэта за кавалерыйская частка, дзе яна мае базавацца, чым будуць займацца ўкраінскія кавалерысты?

Сяржук Багукалец: Гэтая частка ствараецца на базе добраахвотнага батальёна “Святая Марыя”. А плануем мы займацца патруляваннем, найперш – чыгункі і аўташляхоў.

РР: “Кавалерыя ХХІ стагоддзя” – гучыць неяк дзіўнавата. Усё ж у наш тэхналагічны час для патрулявання аўташляхоў больш слушна выкарыстоўваць пазашляхавік, а для патрулявання чыгункі – браняваную дрызіну…

Сяржук Багукалец: Аўташляхі ў нас даволі працяглыя. Выкарыстоўваць аўтамабілі ці лёгкую бранетэхніку даволі дорага. Тым больш патрульныя аўтамабілі вымагаюць адмысловай даводкі і абсталявання. За кошт аднаго сярэдняга аўтамабіля, датаго ж без абсталявання, мы можам прыдбаць да васьмі каней.

РР: Але ж коняў трэба даглядаць, карміць, ім патрэбны стайні і, вядома ж, ветэрынарная дапамога…

Сяржук Багукалец: Батальён “Святая Марыя” базуецца ў Арцёмаўску. Усе пытанні вырашаюцца там – і наконт кормаў, і наконт ветэрынараў, і наконт усяго астатняга. Вельмі спадзяемся на дапамогу добраахвотнікаў і валанцёраў.

РР: Батальён “Святая Марыя”, наколькі я ведаю, добраахвотніцкі. Ці дапамагаюць у стварэнні кавалерыйскай часткі дзяржаўныя структуры: напрыклад, тое ж Міністэрства абароны?

Сяржук Багукалец: Наш батальён знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных спраў. Але ж стварэнне кавалерыйскай часткі – выключна нашая ўласная ініцыятыва.

РР: Але ж сярод хлопцаў, якія пайшлі ў кавалерыю, ёсць і тыя, хто не мае адпаведнага досведу. Ці ёсць у вас нейкія трэнеры?

Сяржук Багукалец: Нашыя трэнеры –  таксама добраахвотнікі. Яўгеній Крутаў, напрыклад, вядомы не толькі ва Украіне. Сам ён каскадзёр, здымаўся ў шмат якіх кліпах і фільмах, самы вядомы з якіх “Агнём і мячом” паводле Генрыха Сянкевіча. Добра, што ён пагадзіўся з намі супрацоўнічаць.

РР: А як мае выглядаць патрульны вершнік? Якія патрабаванні да коняў? Чым будзе такі вершнік узброены?

Сяржук Багукалец: Гэта мае быць звычайны салдат. Найперш трэба ўмець трапна страляць і быць прыстасаваным да ўмоў вайны. Так што мы абапіраемся найперш на досвед звычайнага ўкраінскага вайскоўца, якога трэба навучыць ездзіць на кані.

РР: Пры паступленні ў кавалерыю перавага аддаецца тым, хто прайшоў Антытэрарыстычную аперацыю, ці ўступіць у новую частку зможа кожны ахвочы?

Сяржук Багукалец: Перавага будзе аддавацца тым, хто мае вайсковы досвед і мае досвед догляду за конямі. Гэтага дастаткова.

РР: Але ж украінскія медыя сцвярджаюць, што Антытэрарыстычная аперацыя амаль скончаная. Прынамсі, за апошнія дні не было ніводнага парушэння. Ці актуальная ў такіх умовах новая кавалерыйская частка?

Сяржук Багукалец: Як па мне, гэта можа быць “цішай перад бурай”. Магчыма, вораг проста назапашвае сілы і галоўныя падзеі яшчэ наперадзе.

У сучаснай Еўропе кавалерыйскія часткі ёсць у войсках Італіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Чэхіі, Аўстрыі і Нямеччыне, пры тым тая ж нямецкая кавалерыя давяла сваю эфектыўнасць падчас вайсковай аперацыі на Балканах.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіву Сяргея Багукальца