Ва Украіне пачаліся ўкраінска-амерыканскія вайсковыя вучэнні (абноўлена)



Супольныя ўкраінска-амерыканскія манеўры „Fearless Guardian-2015″ пачаліся на захадзе Украіны. Манеўры праходзяць з удзелам 300 амерыканскіх інструктараў сіл спецпрызначэння. Інструктары з ЗША будуць вучыць украінскіх калегаў ствараць сучасную лінію абароны, правільным дзеянням у час абстрэлу і аказанню медычнай дапамогі.

Гэта важны сігнал як для Украіны, так і для свету, кажа ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:

– Улада дэманстратыўна ўсім паказвае свой знешнепалітычны вектар, што гэта наш стратэгічны саюзнік – гэта выразны сігнал спадару Пуціну. Досыць жорсткі, рэальны крок да пабудовы мадэрновай арміі, на ўзор арміі ЗША, таму сігнал і сама дзея правільныя.

З украінскага боку бяруць удзел 900 нацыянальных гвардзейцаў, з амерыканскага – каля 300 інструктараў:

– Рэакцыя і Масквы, і ДНР з ЛНР – вельмі нервовая. Пракрамлёўскія тэрарысты наўпрост звязваюць манеўры з днём нараджэння Гітлера, які нібыта афіцыйна святкуецца ў Кіеве. Маскоўскія крыніцы сцвярджаюць, што Украіна акупаваная сіламі НАТА.

Яшчэ 17 красавіка ва Украіну прыбылі 290 вайскоўцаў 173-й паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША. Гэта пераважна інструктары. Мэта сумесных вучэнняў  – падрыхтоўка прафесійных сержантаў для Нацыянальнай гвардыі Украіны. З украінскага боку бяруць удзел 900 нацыянальных гвардзейцаў. З амерыканскага – каля 300 інструктараў. Вучэнні маюць правесці на Явароўскім палігоне непадалёк Львова, яны будуць доўжыцца каля 3 месяцаў. Урачыстае адкрыццё адбудзецца сёння ў Акадэміі сухапутных войскаў імя гетмана Сагайдачнага.

Цяперашні ровень падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і Узброеных сілаў Украіны і Нацыянальнай Гвардыі далёкі ад дасканаласці. Методыкі, паводле якіх рыхтуюць малодшых камандзіраў, складзеная яшчэ ў часы СССР. Пераважная большасць амерыканскіх вайскоўцаў, якая прыбыла ва Украіну, мае баявы досвед Афганістана і Ірака.

Мяркуецца, што амерыканскія вайскоўцы дапамогуць украінцам у тактычнай падрыхтоўцы, а таксама перададуць сучасныя навыкі выжывання ў экстрымальных умовах.

Манеўры будуць працягвацца 6 месяцаў, у іх прыме ўдзел тры батальёны Нацыянальнай гвардыі. Расея ў сваю чаргу заявіла, што манеўры дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне.

10653356_822474941175947_6004957366886583760_n

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота Arsen Avakov/facebook.com