Ва Украіне прадаюць турмы



Першым з малатка пойдзе вядомы Лук’янаўскі следчы ізалятар, што знаходзіцца амаль у цэнтры Кіева.

Большасць турмаў і следчых ізалятараў дасталася Украіне яшчэ ад СССР, а некаторыя, як тая ж Лук’янаўская турма — ад Расейскай імперыі. Паводле справаздачаў міжнародных праваабаронцаў, умовы ўтрымання ў сучасных следчых ізалятарах Украіны невыносныя, яны даўно ператварыліся ў рассаднікі туберкулёзу, СНІДу, а таксама наркаманіі. Да таго ж, украінская пенітэнцыйная сістэма наскрозь скарумпаваная.

Мяркуецца, што старыя турмы будуць ці знесеныя, ці прададзеныя інвестарам пад іншыя аб’екты гарадской інфраструктуры. Замест іх плануецца пабудаваць сучасныя турмы, якія будуць цалкам адпавядаць нормам, прынятым у Еўразвязе. Прытым да пабудовы такіх ізалятараў ва Украіне збіраюцца далучыць і прыватныя фірмы.

Мяркуецца, што наступнымі гарадамі, дзе турмы прададуць прыватным інвестарам, стануць Львоў і Харкаў.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя