Ва Украіну спрабавалі прарвацца дыверсанты?



Напярэдадні выбараў у мясцовыя органы ўлады, якія адбудуцца ва Украіне 25 кастрычніка, ва Украіну спрабавалі патрапіць замежныя дыверсанты, у тым ліку – і з боку Беларусі.

Пра гэта ў інтэрв’ю ўкраінскаму “Пятаму каналу” афіцыйна заявіў Іван Стайко, дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцні Война.

–  Дарадца ўкраінскага міністра ўнутраных спраў Іван Стайко паведаміў, што дыверсанты, якія спрабавалі прайсці на тэрыторыю Украіну, былі расейскімі, і што спробы гэтыя здзейсняліся праз украінска-беларускую, украінска-расейскую і ўкраінска-малдаўскую межы. Мэтай дыверсійных групаў была дэстабілізацыя перадвыбарчай сітуацыі ва Украіне.

Пры гэтым Іван Стайко не ўдакладніў, на якіх участках украінска-беларускай мяжы з’явіліся тыя дыверсанты, колькі ўсяго было дыверсійных груп, як яны былі ўзброеныя і якім менавіта чынам яны былі нейтралізаваныя ўкраінскімі памежнікамі, Службай Бяспекі Украіны ці Міністэрствам унутраных спраў.

Тым часам перадвыбарчая сітуацыя ва ўкраінсіх рэгіёнах, якія мяжуюць з нашай краінай, застаецца стабільна спакойнай.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vlasti.net