Ва Уладаве прайшло спатканне з беларускай культурай



Берасцейская “дэлегацыя” наведала  памежны горад Уладаву па запрашэнні сяброў з польскага боку Бугу. Там, пры падтрымцы Гарадской публічнай бібліятэкі і групы „Mowa Żywa” адбылося спатканне з беларускай культурай пад агульнай назвай „Аповесці на выцягнутай руцэ”.

14906868_1082118918572825_4616508771359286245_n

На ёй берасцейцы прэзентавалі тэатр “Крылы Халопа”, фонд “Развіцця Берасцейскай крэпасці”, спектакль “Чарнобыль” і зладзілі дэгустацыю беларуска-польскай кухні. Аднак, размовы вяліся не толькі ў галіне культуры, паведамляе галоўны рэжысёр “Крылаў Халопа” Аксана Гайко:

– Я ўвогуле была здзіўленая тым, колькі людзей прыйшло – была поўная зала. Прыйшлі на гэтую сустрэчу і бургамістр, і ксёндз мясцовы, і дырэктар бібліятэкі. Людзі здзівіліся, што нешта ў той Беларусі ёсць, нешта там робіцца. 

14568001_1082119231906127_2729446946002231131_n

Акрамя спаткання ў бібліятэцы дэлегатаў з Берасця, якіх было пяцёра, запрасілі на сустрэчу з бургамістрам. “Вядома, што калі знаходзішся ў вёсцы Тамашоўка на беларускім баку, то ў пэўны час “чуеш галасы” польскай Уладавы і ў асноўным гэта гукі касцёльных званоў. Гараджане ж звяртаюць увагу на вясковыя гукі Тамашоўкі, асабліва з нагоды нейкіх святаў ці падчас тых самых выбараў, калі там уключаюць узмацняльнікі.

„Цікавую гісторыю пабачыла на адной тэкставай інсталяцыі на плошчы пасля сустрэчы”, – зазначае адна з берасцейскіх дэлегатаў Святлана Гайдалёнак:

– Калі мы чыталі адзін з гэтых тэкстаў, там быў такі кавалак: „Асоба старэйшая прыпамінала, шо ў гадах 70-х да людзей з Уладавы прыходзілі людзі з Тамашоўкі. Яны ўсе апраналіся аднолькава – у іх былі чорныя плашчы і чорныя капелюшы. Такі быў сяброўскі візіт,  і яны гасцілі, хадзілі да розных сямей, але гэта можна было зрабіць толькі на свята”. 

Сустрэча адбылася дзякуючы кантактам на асабістым роўні. Яе ж рэалізацыя адбылася ўжо на роўні афіцыйным. “Зараз і беларускі і польскі бакі выказваюць спадзевы на працяг такіх трансгранічных кантактаў, а таксама на рэалізацыю нейкіх супольных праектаў”, – паведаміла Аксана Гайко.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота facebook.com