Варшава – супраць расізму і гвалту



У польскай сталіцы прайшла маніфестацыя. Сотні чалавек сабраліся пад варшаўскім Палацам культуры і навукі на канцэрт і мітынг, прысвечаныя міжнароднаму Дню салідарнасці з уцекачамі. Адзін з арганізатараў мерапрыемства Міхал Баркевіч з ініцыятывы “Хлебам і соллю” падкрэслівае, што пытанне нацыянальнай і расавай талерантнасці апошнім часам стала для Польшчы асабліва актуальным:

– Назіраем рост антыімігранцкіх і ксенафобных дэвізаў, якія перарастаюць у рэальны гвалт у дачыненні да іншаземцаў, а таксама палякаў, якія не выглядаюць як тыповы белы паляк. І калі мы не будзем збіраць галасы, не будзем вось так галосна казаць пра салідарнасць з такімі людзьмі, падкрэсліваць ролю адукацыі і інфармавання людзей пра такія рэчы, то аддадзім поле папулістам і тым, хто збірае сабе палітычны капітал на запужванні імігрантамі і бежанцамі.

Таксама на маніфестацыі прысутнічалі прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, якія займаюцца дапамогай чачэнскім уцекачам з Берасця. Выступоўцы ў сваіх прамовах звярнулі ўвагу на тое, што Польшча павінна прымаць людзей, якія бягуць ад пераследу і вайны, а польскае грамадства не павінна быць аднастайным.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара