Васіль Сегень: Падштурхоўваць да ўдзелу ў фестывалі не прыходзіцца



Пра гала-канцэрт агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня 2017” журналіст Радыё Рацыя Радаслаў Дамброўскі пагутарыў з намеснікам старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васілём Сегенем.

РР: Гала-канцэрт – гэта ўжо можна сказаць “вішанька” на торце, але працэс вытворчасці гэтага торту пачынаецца нашмат раней, ці можа наогул не спыняецца.

Васіль Сегень: Так, фестываль – гэта працэс вельмі доўгі, працяглы. Гала-канцэрт – завяршальны этап. Раней адбыліся ў нас раённыя адборачныя конкурсы. Потым – цэнтральны конкурс. Ну і самыя лепшыя выканаўцы, лаўрэаты фестывалю сёння ўвечары на сцэне Падляшскай оперы і філармоніі выступяць са сваімі найлепшымі нумарамі. Але ж вядома падрыхтоўка да такога выступлення ідзе няспынна, тыя, у каго любоў да песні і талент да гэтага, яны, зразумела, спяваюць часта, можна сказаць штодзень, і рыхтуюць свае песні, каб прыняць удзел у нашым фестывалі.

РР: А колькі беларускіх калектываў, якія працуюць у нас у Польшчы, праяўляюць ахвоту, каб удзельнічаць у конкурсе?

Васіль Сегень:  Амаль усе тыя, якія наштодзень дзейнічаюць у сваім жанры музыкі, таму што, калі хто сочыць за фестывалем, ведае, што тут з’яўляюцца розныя песні, выкананныя ў розных жанрах. Пачынаючы ад традыцыйных фальклорных спеваў, да вельмі сучасных. Звычайна ў нас, як паказвае статыстыка, за некалькі соцен удзельнікаў. У гэтым годзе за 600 чалавек прыняло ўдзел у розных этапах нашага фестывалю. Канешне, калектываў нашмат менш, таму што многія шматасабовыя калектывы. Але колькасць зацікаўлення з году ў год не спыняецца, можна сказаць, што пашыраецца кола ўдзельнікаў.

РР: Вы сказалі, што ёсць выканаўцы розных жанраў, але, відаць, ёсць жанры, якія пераважаюць. Гэта неяк змянялася цягам апошніх гадоў?

Васіль Сегень: Мяняецца. Наколькі я ў апошнія гады сачу за тым, хто выступае, якія песні, якія музычныя прапановы даюць нашыя выканаўцы, то павялічваецца з году ў год колькасць моладзі, колькасць выступленняў салістаў, асабліва тут моладзь праяўляе вялікую актыўнасць. Таленавітыя спевакі, у асноўным дзяўчаты з беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску. Ужо можна сказаць, пэўная традыцыя склалася. Вельмі добру працу выконваюць інструктары-настаўнікі ў гэтых школах, ці ў дамах культуры. І выкананне маладых салістаў – гэта ўжо робіцца пэўным фірмовым знакам фестывалю.

РР: Можа я спынюся на гэтых інструктарах, пра якіх вы сказалі, узгадваючы Гайнаўку. Гледзячы па праграму гала-канцэрта, заўважаў, што там менавіта з Гайнаўскага дома культуры ёсць некалькі выканаўцаў. Відаць, без гэтых інструктараў іх і не было б. Вы, як арганізатар фестывалю, супрацоўнічаеце з гэтымі інструктарамі?

Васіль Сегень: Супрацоўніцтва з інструктарамі, якія рыхтуюць да ўдзелу ў фестывалі, у нас не спыняецца. Яно ўжо шматгадовае. І на працягу года кантакты з імі вельмі частыя, таму што акрамя фестывалю “Беларуская песня 2017” арганізуем таксама фестываль для дзяцей. І многія, якія рыхтуюць дарослых да выканання, рыхтуюць таксама і дзетак. А падштурхоўваць да ўдзелу ў фестывалі з нашага боку не прыходзіцца. Гэта імпрэза, якая карыстаецца вялікім зацікаўленнем, па сваёй ініцыятыве шмат удзельнікаў, шмат заявак кожны год да нас паступае. Але ж маладыя людзі, канешне, не выканалі б сваіх песень на такім узроўні, каб не падрыхтоўка і не прафесійны падыход іх інструктараў. Развіваць талент, канешне, трэба, і гэтым маладым людзям дапамагаюць старэйшыя прафесіяналы.

РР: За пошнія гады былі нейкія калектывы або салісты, якія выплылі за межы гэтага мерапрыемства?

Васіль Сегень: Канешне, хацеў бы асабліва падкрэсліць, у мінулым годзе з’явіўся новы калектыў “Давід Шымчук бэнд” з Гайнаўкі, які заняў першае месца ў мінулым годзе. Зараз ён працягвае свой добры шлях у беларускую музыку. І таксама на гала-канцэрце сёння іх можна будзе пабачыць і пачуць. Новая з’ява – гэта “Немаральная прапанова”. Такая маладзёвая музыка, якая выконваецца адмыслова для моладзі. Яны знайшлі ў касіміі высокую ацэнку. Таксама з’явяцца сёння на сцэне філармоніі. Вельмі цешыць, што гэта моладзь, маладыя людзі.

РР: А хто ўваходзіць у склад камісіі, хто ацэньвае выканаўцаў?

Васіль Сегень: Падчас цэнтральных адборачных конкурсаў крыху ў нас склад мяняецца. Таму што ў раённых конкурсах камісія трохасабовая. Гэта звычайна людзі з вышэйшай адукацыяй у галіне музыкі. На цэнтральным адборачным конкурсе камісія пашыраецца да пяці чалавек. У склад гэтай камісіі запрашаем гасцей – спецыялістаў з Беларусі. Хацелася б назваць такія прозвішчы – перш за ўсё Аня Васькоўская, гэта Марта Врублеўская, Іанна Густыньчук, Мацей Муха, Эва Падгужак. Гэта кола тых людзей, якія ацэньваюць выступленні выканаўцаў падчас нашага фестывалю. Звычайна з Беларусі прыязджае да нас Міхась Дрынеўскі, вядомы дырыжор, мастацкі кіраўнік хору імя Цітовіча.

РР: І як заўжды на гала-канцэрце будуць госці з Беларусі ў якасці выканаўцаў.

Васіль Сегень: Так, канешне, гэта таксама традыцыя. У гэтым годзе гэта беларускі фальклорны ансамбль “Вербніца” з Менска і ансамбль танца “Гарадзенскія карункі”.

РР: Ёсць яшчэ квіткі, можна будзе іх купіць на ўваходзе ў Падляшскую філармонію.

Васіль Сегень: Так, яшчэ засталіся свабодныя месцы. Сёння калі хто яшчэ не мае білета і хоча пабачыць гала-канцэрт, запрашаем непасрэдна ў філармонію, там яшчэ можна будзе купіць білеты.

РР: Хачу яшчэ запытацца пра гран-пры сёлетняга фестывалю.

Васіль Сегень: Канешне, гэта не сакрэт, інфармацыя пайшло ўжо даўно ў СМІ. Камісію найбольш уразіла, у станоўчым разуменні, выканне песні калектывам настаўніц беластоцкага прадшколля №14 “Світанак”, дзяўчаты заспявалі вельмі прыгожа – адсюль такая высокая ўзнагарода.

Гутарыў Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя