Перадвелікодная сустрэча з беларускай культурай у Варшаве



Жыхарам польскай сталіцы выпала рэдкая магчымасць пазнаёміцца з беларускім святкаваннем Вялікадня. Гарадзенскія майстрыхі пазнаёмілі прысутных з разнастайнымі спосабамі ўпрыгожвання велікодных яек, а дзеткі маглі самі паспрабаваць упрыгожыць яйка і пасхальную вербачку.

Пра адзін з нетыповых, але адначасова аўтэнтычных беларускіх спосабаў дэкарацыі велікодных яек распавядае чалец Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь Вольга Сідлярэвіч.

З даўніх часоў абгортвалі яйка стужачкай ці вяровачкай. Гэта проста і прыгожа. І гэтая вяровачка – сімвал жыцця, якое пачынаецца, віецца і віецца бясконца.

“Беларуская культура непарыўна звязана з духоўнасцю людзей,” – лічыць дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве Рыбакоў Міхаіл.

– Для дзяцей пакуль гэтая духоўнасць – гульня. Ім цікава пакатаць велікодныя яйкі, пафарбаваць, зрабіць нешта, тыя ж вербачкі. Але з цягам часу яны далучацца і да гэтай духоўнасці, да царквы, да сваіх каранёў. Бо калі няма ўсяго гэтага, няма сваёй культуры – цяжка чалавеку ўяўляць, хто ён такі.

Мерапрыемства праходзіла ў Цэнтры праваслаўнай культуры імені святых Кірыла і Мяфодзія ў Варшаве.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтаркі