VI Міжнародны кніжны кірмаш у Беластоку



Стартаваў VI Міжнародны кніжны кірмаш у Беластоку. Сёлета гэта каля 80 выдаўцоў і 40 літаратурных падзеяў.

Сярод іх прэм’ера кніжак беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча і Алены Брава ў перакладзе на польскую мову.

Кніжны кірмаш у Беластоку суправаджаюць канцэрты, выстаўкі ды майстар-класы. Гэта найбольшы такога тыпу фестываль на ўсход ад Віслы, – кажа арганізатар Анджэй Каліноўскі.

– Аказалася, што толькі Беласток з’яўляецца такім актыўным – мабілізваць людзей, паказаць колеры культуры, паказаць так, як тут мы можам паказаць – беларускую, украінскую, літоўскую. І тут адбываецца шмат цікавых падзеяў.

Сярод удзельнікаў кірмаша – самыя лепшыя беларускія выдавецтвы, якія штогод папаўняюць сваю палічку новымі літаратурнымі прапановамі, – кажа дырэктар выдавецтва „Кнігазбор” Генадзь Вінярскі.

– Штогод мы выдаем каля 100 назваў кніг. Хацелася б адзначыць, канешне, наш бэстсэлер – “Возера Радасці” Віктара Марціновіча, таксама кнігу паэзіі Уладзіміра Някляева “Толькі вершы” і лепшую кнігу года па версіі конкурса Беларускага ПЭН-цэнтра Насты Кудасавай “Маё невымаўля”. Літаратуры шмат.

Кніжныя таргі ў Беластоку будуць працягвацца да нядзелі. Мерапрыемства традыцыйна праходзіць у Падляшскай оперы і Філармоніі і ў Тэатры лялек. Нязменным арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Фонд „Суседзі”.

Фота Улі Шубзды

Фота Васіля Кроквы

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя