Вікторыя Міхно: Беларусы маюць сваю школу традыцыйных ведаў



Веснавыя абрады з традыцыйнымі беларускімі вяснянкамі – гэта чарговая тэма якую прапануе ўвазе дыскусійны клуб аб’яднання беларускіх бацькоў у карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову ў Беластоку. Госцем чарговай сустрэчы стала выкладчыца і ўдзельніца архаічнага гурта „Гуда” Вікторыя Міхно. Па яе словах, аўтэнтычны фальклор добра захаваўся ў нямногіх краінах, у тым ліку ў Беларусі.

– Наша традыцыйная спадчына, наш фальклор па сваёй каштоўнасці не саступае і старажытнай спадчыне Грэцыі, і старажытнай спадчыне Індыі. Многія пачынаюць разумець, што ў Беларусі ёсць таксама свая школа традыцыйных ведаў. І яна базуецца на беларускім фальклоры. Гэта тыя святы і абрадавыя, рытуальныя дзеі, якія спрадвеку выконваліся ў пэўны час.

Майстар-класы беларускага традыцыйнага веснавага спеву будуць працягвацца да нядзелі. Падрабязней пра майстар-класы можна даведацца на старонцы аб’яднання АБ-БА.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.