Віленскія барыкады – 25 гадоў каля Сейму



Сёлета споўнілася 25 гадоў знакамітым і трагічным Sausio įvykiai (студзеньскім падзеям) у Вільні. У студзені 1991 года літоўцы і дзеці іншых народаў, у тым ліку і віленскія беларусы, змагаліся ў старажытным горадзе за незалежнасць ад СССР. Шмат людзей было каля тэлевізійнай вежы, тысячы сабраліся каля Сейма, дзе ўтварыліся барыкады. Савецкая “вярхушка” не пасаромелася ўвесці супраць людзей танкі, і на жаль, Літоўская ССР выйшла са складу Савецкага Саюза з ахвярамі: 15 чалавек загінулі, каля 900 атрымалі раненні. Эстонцам пашанцавала больш, іх рэспубліка выйшла са складу крывавае імперыі без чалавечых ахвяраў. У наступныя гады “рэваншысты” некалькі разоў спрабавалі ўзваліць адказнасць за студзеньскія падзеі ў Вільні на “агентаў “Саюдыса” (грамадска-палітычны рух за Незалежнасць Літвы), якія нібыта расстрэльвалі актывістаў з дахаў дзеля дыскрэдытацыі савецкіх сілаў.

Тым часам многія фігуранты тых падзей схаваліся ад крымінальнага пераследу, у Беларусі прытулак знайшлі камандуючы Віленскім гарнізонам Уладзімір Усхопчык і галоўны рэдактар газеты “Советская Литва” Станіслава Юонэнэ. Улады Рэспублікі Беларусь не выдалі іх літоўскаму суду.

А на праспекце Гедыміна ў Вільні ўжо чвэрць стагоддзя стаяць часткі барыкадаў, якія ўзводзілі жыхары горада для абароны ад урадавах войскаў. На многіх плітах засталіся словы “Laisves Lietuva”, шмат прысутнічае і расейскай мовы, пераважна гэта заклікі накшталт “Солдат, Родина-мать зовёт, иди домой”, “Генералов — в зоопарк”. Ёсць і надпіс “ТАСС — наследник Йозефа Геббельса”, што, на жаль, не страціла актуальнасці адносна дзяржаўных СМІ Расеі і цяпер. Таксама на барыкадах, пад шклом ёсць і невялічкі музейчык, дзе можна пабачыць павязкі і нашыўкі актывістаў незалежніцкага руху, фотаздымкі тых падзей, звесткі пра загінуўшых пабрацімаў, украінскі сцяг у салідарнасць з апошнімі падзеямі ва Украіне.

Асобныя кветкі прысвечаныя чачэнскаму народу, пра гэта сведчыць і подпіс Cecenija, а побач прыбітая таблічка, якая паведамляе пра расейскі генацыд у дачыненні да чачэнцаў. Яны адмыслова складзеныя так, каб нагадваць сцяг Чачэніі, якая ваявала за свабоду ад расейскай акупацыі. Зусім побач, на складзеных рэйках, часта з’яўляюцца нашы нацыянальныя бел-чырвона-белыя стужачкі, іх вешаюць віленчукі-беларусы і шматлікія беларускія госці горада.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара