Візантыйскія спевы прагучалі ў Бельску Падляшскім



Візантыйскія спевы можна было пачуць ў Бельску Падляшскім. У царкве Пакровы Прэсвятай Багародзіцы прагучаў «Кантакіён аб навернутай» („Kontakion o nawróconej”) аўтарам якога з’яўляецца св. Раман Меладос – важная постаць у праваслаўнай царкве. Арыгінальны змест песні з VI стагоддзя на грэцкай мове быў праспяваны ў перакладзе на польскую мову. Музыку да твора ў візантыйскім стылі стварыў музыколаг з Беластока, доктар Марцін Абійскі. Песню выканалі спевакі са «Схолі Венгайлы» з Венгайлаў (што пад Ольштынам), з хору імя Багдана Анісімовіча, а таксама мясцовыя выканаўцы з Падляшша, сярод якіх была Іаана Петручук:

– Кожную нядзелю мы спяваем старажытным распевам літургію. Гэта старарускі спеў. Мы мелі магчымасць навучыцца на варштатах і запрэзентавалі гэты спеў па-візантыйску. Гэта было вельмі цяжка. Вельмі моцнае ўражанне, пранікае да душы. Чалавек атаясамляецца з гэтай грэшніцай і думае пра свае ўласныя грэшныя ўчынкі ў жыцці. Таму перажывае і гэты тэкст, і гэтую мелодыю.

Пад час падзеі прагучала таксама «Слава» – песня з ІХ ст., аўтарам якой з’яўляецца манашка Касіяна, якая пражывала ў візантыйскім часе. Твор выканаў хор імя Майсея Пятровіча з Белаграду.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара