Вуліцу з консульствам РФ перайменавалі ў вуліцу Добраахвотніцкіх батальёнаў



Кіеўскі гарадскі савет перайменаваў вуліцу Панфілаўцаў у вуліцу Добраахвотных батальёнаў. Пра гэта паведамляе „Інтерфакс-Україна”.

За такое рашэнне на пасяджэнні Кіеўскай рады ў чацвер прагаласаваў 71 дэпутат.

Ініцыятарам праекта дадзенага рашэння выступіў дэпутат фракцыі УА „Свабода” Пётр Кузік.

„Менавіта хлопцы добраахвотніцкіх батальёнаў у той час, калі ў краіне было цяжка, сваім жыццём, сабой спынілі далейшую акупацыю Украіны і спынілі ворага. Выпадкова так аказалася, што на вуліцы Панфілаўцаў знаходзіцца консульства Расейскай Федэрацыі. Таму я прашу праявіць дзяржаўную пазіцыю і падтрымаць гэты праект рашэння”, – сказаў ён.

Паводле словаў дэпутата, праект прайшоў усю працэдуру ўзгаднення.