Вялікая субота ў вернікаў каталіцкай, грэка-каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў (абноўлена)



Тысячы каталікоў наведваюць Гарадзенскія касцёлы, каб асвяціць стравы на Велікодны стол. У Вялікую суботу  пасвячэнне на працягу дня адбываецца ў многіх святынях штогадзіну. Згодна са шматстагоддзевай традыцыяй, у вялікодным кошыку апроч хлеба, вяндлінаў, солі і іншых прадуктаў абавязкова знаходзіцца дэкараванае яйка – зазначае айцец Віктар Бохан:

– Яйка – сімвал жыцця і адраджэння, бо з яго паўстае новае жыццё. Гэта знак Хрыста, які вяртаецца да жыцця.

Набажэнствы Пасхальнай Вігіліі ў  гарадзенскіх касцёлах пачнуцца вечарам з Літургіі святла, а скончацца апоўначы рэзурэкцыйнай працэсіяй.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

У Беластоку каталікі сустрэліся на Рынку Касцюшкі, каб асвяціць ежу на Велікодны стол. На рынку Касцюшкі сабралася каля 500 чалавек.

z belSAM_2320

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі каталіцкі мітрапаліт Эдуард Азароўскі ды прэзідэнт горада Беластока Тадэвуш Трускаляскі, які перадаў святочныя пажаднанні прысутным.

– Хацеў бы пажадаць прысутным усяго самага найлепшага: здаровых, блаславёных, сямейных Велікодных свят. Няхай яны даюць нам надзею і сілы ў нашым паўсядзённым жыцці.

Супольнае асвячэнне велікодных кошыкоў сурганізавала таварыства „Дарога”, якое штодзень дапамагае бедным і бяздомным. Асвяціць ежу будзе можна таксама на гарадскім стадыёне. Тут на супольнай урачыстасці сустрэнуцца заўзятары беластоцкага футбольнага клуба “Ягелонія”. Пачатак а 14.

Лукаш Леанюк, Беласток, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара