Выкрыта чарговая тытунёвая кантрабанда



Амаль 3 тысячы пачак кантрабандных цыгарэт канфіскавалі супрацоўнікі Падляшскай мытна-падатковай службы. Кантрабанда коштам 40 тысяч злотых была знойдзена ў легкавым аўтамабілі і грузавым ТІR, што перасякалі беларуска-польскую мяжу.

Падчас кантролю легкавога аўтамабіля Kia Cee’d з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі аказалася, што бамперы, парогі і колавыя аркі машыны запоўнены тытунёвай кантрабандай: у гэтых месцах было схавана каля 1000 пачак цыгарэт з Беларусі.

Кіроўца грузавіка, які перасякаў мяжу праз памежны пераход у Кузніцы, у падлозе паўпрычэпа спрабаваў правезці 2100 пачак беларускіх цыгарэт.

У абодвух выпадках пачаты крымінальныя справы, а нелегальны тавар рэквізаваны. Кантрабандыстам пагражаюць вялікія штрафы. Акрамя таго, кіроўца легкавога аўто будзе пазбаўлены свайго транспартнага сродку, прыстасаванага для перавозкі кантрабанды.

Паводле podlaskie.kas.gov.pl