Вызначаецца грамадскі бюджэт Беластока на 2017 год



Роварныя сцежкі, помнікі, бульвары, футбольныя пляцоўкі, дарогі, а таксама спартыўныя і культурныя фестывалі.

З 4 кастрычніка беластачане могуць галасаваць за праекты Грамадскага бюджэту на 2017 год.

dsc00177

Выбіраць можна сярод 25-ці агульнагарадскіх і 37-мі раённых праектаў. Кожны жыхар можа галасаваць на адну агульную і дзве раённыя прапановы. Сёлета другі раз у галасаванні прымае ўдзел праект будовы бульвараў святога Яна Багаслова на Бацечках. Комплекс са сцежкамі, пляцоўкай для гульняў і трэнажорамі па вуліцы Герберта хочуць дапоўніць новымі дрэвамі, лаўкамі і асвятленнем, кажа настаяцель прыхода Яна Багаслова, ініцыятар праекта айцец Марэк Ваўранюк:

— Я хачу падзякаваць усім, хто прагаласаваў за бульвары Яны Багаслова ў свой час. Амаль 7 тысяч жыхароў Беластока праявілі сваю падтрымку. Мы вельмі дзякуем і яшчэ з чарговымі этапамі будзем удзельнічаць, прасіць прагаласаваць і падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Найбольш, 5 праектаў, змагаюцца між сабой за дафінансаванне ў раёне Старасельцы. Галасаванне за «Грамадскі бюджэт 2017» працягнецца да 18 кастрычніка. Сёлета горад прызначыў 10 мільёнаў злотых на ажыццяўленне праектаў, якія перамогуць у галасаванні.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота Васіля Кроквы