Які будынак драўлянага дойлідства найлепш захаваўся на Падляшшы?



Завяршыўся конкурс на найлепш захаваны будынак драўлянага дойлідства ў Падляшскім ваяводстве.

У Музеі сельскай гаспадаркі імя Кшыштафа Клюка ў Цеханоўцы ў час урачыстага падвядзення вынікаў конкурсу былі названы пераможцы.  Першую ўзнагароду атрымалі Мажэна і Пётр Гарштыньскія і іх сядзіба ў вёсцы Звержаны, што ў гміне Сідра. Конкурсная камісія прызнала ажно чатыры другія ўзнагароды. Тут апынуліся прыклады драўлянага дойлідства з падляшскіх беларускіх вёсак – дом з вёскі Сацы, што ў  Нарваўскай гміне, ды сядзіба з Барысаўкі, што ў Гайнаўскай гміне.

На думку дырэктара дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны Маршалкоўскай управы Анатоля Вапа, драўлянае дойлідства – гэта спадчына, ахова якой – наш супольны абавязак.

– Многа стагоддзяў у нас будавалі драўляныя будынкі, нават замкі мелі драўляныя, а не як на захадзе мураваныя. Таму ўсё трэба зрабіць, каб захаваць нашу спадчыну. У нашых вёсках, дзе пражываюць беларусы Падляшша, шмат каштоўных не толькі драўляных дамоў, але і гаспадарчых будынкаў.

Былі таксама тры трэція ўзнагароды, дзе чарговы раз апынуўся будынак з  вёскі Сацы. Конкурс прайшоў 12-ты раз. За гэтыя гады прыйшло амаль 800 конкурсных заяў.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара