Засталося 3 дні галасавання за грамадскі бюджэт Беластока



Дагэтуль 10 тысяч чалавек прынялі ўдзел у электронным галасаванні за Грамадскі бюджэт Беластока на 2016 год. Пакуль невядома колькі жыхароў Беластока зрабілі гэта ў традыцыйнай, папяровай, форме, а да канца галасавання засталіся 3 дні. Бяручы пад увагу тое, што апошнія дні галасавання выпадаюць на выходныя, можна будзе таксама прагаласаваць у гандлёвых цэнтрах, на Рынку Касцюшкі, ды кірмашы па вуліцы Кавалерыйскай, кажа віцэ-прэзідэнт Беластока Рафал Рудніцкі:

— Пункты для галасавання не працуюць у выходныя, таму мы навязалі супрацу з гандлёвымі аб’ектамі, каб жыхары Беластока маглі свае галасы на паперы кідаць у скрыні. Спадзяюся, што доступ ды тых пунктаў будзе дастатковы, і што сёлетняе галасаванне за грамадскі бюджэт будзе рэкордным.

Летась за Грамадскі бюджэт прагаласавалі каля сарака тысячаў чалавек. Сёлета на праекты жыхароў Беластока магістрат горада падрыхтаваў 20 мільёнаў злотых: 10 на агульнагарадскія ініцыятывы, і 10 — на раённыя. Большасць праектаў скіраваныя на дарожную інфраструктуру, новых паркі, футбольныя пляцоўкі і культурныя мерапрыемствы.

Галасаваць жыхары Беластока могуць на сайце: bialystok.pl

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток