Завяршыліся «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі»



Агучваннем вынікаў конкурсных праслухоўванняў ды гала-канцэртам у саборы Святой Тройцы завяршыўся 35-ты Міжнародны фестываль «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі». Гран-пры фестывалю атрымаў Акадэмічны хор студэнтаў Харкаўскай дзяржаўнай акадэміі культуры з Украіны. Кажа кіраўнік харкаўскага хору Вячаслаў Бойка:

— Мы прывезлі прафесіянальны студэнцкі калектыў, прывезлі духоўную музыку. Гэта абсалютна новыя творы. Мы доўга выбіралі і падбіралі адмыслова для гэтага фестывалю. Мы вельмі рады, што атрымалі гран-пры. Мы спадзяваліся на перамогу, але на такую вялікую — не зусім. Таму сэрца і душа напоўненыя радасцю.   

У катэгорыі «вясковыя прыхадскія хоры» – на другім месцы апынуўся сынковіцкі хор «Аксіос». Другое і трэцяе месца ў катэгорыі «прыхадскія хоры ў гарадах» – саборныя хоры з Гародні ды Берасця. Супольна на трэцім месцы ў катэгорыі «дзіцяча-моладзевыя хоры» апынуліся «Благовест» з Берасця і кобрынская «Купалінка». Трэцяе месца ў катэгорыі «акадэмічныя хоры» — менскі моладзевы хор «Віссон».

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя