Бел-чырвона-белы лекар з Клімавічаў



Да 1996-а палова райцэнтра Клімавічы, што на Магілёўшчыне, лічылася зонай адсялення. 29 паселішчаў, дзе радыяцыя звыш 1 кюры на квадратны метр, мелі да пачатку веку статус пацярпелых. Людзі атрымлівалі, праўда, мізэрныя так званыя „грабавыя” да заробкаў. Пасля тут зрабілі наступны крок да забыцця Чарнобыля – на 5000 га забруджаных тэрыторый быў адменены кантрольна-прапускны рэжым. І што важней – яны перасталі быць зонай перыядычнага радыяцыйнага кантролю. Тлумачыць загадчык інфекцыйнага аддзялення райбальніцы, экс-загадчык Клімавіцкага чарнобыльскага рэгістру асобаў, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, спадар Міхась Шпакаў.

IMG_0711

– У нас забруджванне ад 1 да 5 кюры. Гэта сітуацыя, калі людзі мусяць аглядацца медработнікамі, падлягаюць спецыяльнай дыспансерызацыі, маюць ільготы іх дзеці пры паступленні ў навучальныя ўстановы ды пры атрыманні інтэрнатаў. Зрэшты, так і было ў першае дзесяцігоддзе Зоны…

РР: Раптоўна ды незваротна ільготы былі знятыя, як тлумачылася ўладамі, “ у эканамічных інтарэсах дзяржавы”. Але наколькі па-медычнаму гэта абгрунтавана – няўжо радыяцыя зышла і тыя кюры амаль па-чалавечы далі драла?!

– Канешне, перыяд распаду шкодных элементаў дзясяткі год. Рашэнне аб ліквідацыі было чыста палітычным. Сёння можна цвердзіць, што яно дрэнна адбілася на здароўі ды плоднасці нашых людзей, таму што доследы прафесара Бандажэўскага паказваюць, што малыя дозы радыяцыі ўздзейнічаюць на арганізм больш жорстка, чым першасныя радыяцыйныя патокі. І дагэтуль дарэшты невядомы іх уплыў…

У 2000-м спадар Шпакаў дэманстратыўна адмовіўся ад памянёнай „чарнобыльскай” пасады. Ён тлумачыць:

– Фармальнасць рэгістру была ў тым, што ўчастковыя службы ў нашых умовах не маюць рэсурсаў праводзіць кваліфікаваныя медагляды насельніцтва. Таму гэта хіба рэгістрацыя статыстыкі ды ўсё. А рэальнасць у тым, што маладыя спецыялісты не затрымліваюцца ў “зоне”, як правіла, больш за 2 гады. Мы, увогуле, не можам зрабіць дыспансерызацыю сталых хворых жыхароў – не хапае рэактываў, каб праводзіць доследы. Тым больш, калі афіцыйна прымаюцца “рашэнні”, што Чарнобыля ўсё менш і менш. І на фінансаванні гэта адбіваецца…

На стале ў суразмоўцы – бел-чырвона-белы сцяжок, побач вышываная Пагоня. Спадар Міхась – сябра КХП-БНФ. Удзельнічаў ва ўсіх выбарчых кампаніях ў якасці назіральніка ці зборшчыка подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў. Пытаюся пра стаўленне да ягонай “лекабеларускасці” з боку начальства ды калегаў.

– Напачатку было непаразуменне ды пярэчанне, але цяпер усё наладзілася: каму трэба – чытае “беларускамоўныя” рэцэпты, тым больш, хто не разумее, я не перакладаю. Людзі ўспрынялі маю беларускасць, зрэшты, нармальна. Хто прыехаў з Расеі – гутару па-руску з акцэнтам, не забыўся… (смяецца )

РР: Усё-ткі пра бел-чырвона-белы сцяг ды Пагоню на стале нараканні былі?

– Прынамсі, адкрыта мне не казалі. У часе выбарчых кампаній, калі хадзілі па подпісы, распаўсюджвалі інфармацыю, міліцыя збірала на мяне кампраматныя тлумачальныя цыдулкі ў людзей. Быў аштрафаваны адміністрацыйнай камісіяй. Але палітыкай ніколі не безнадзейна займацца. Людзям патрэбна праўдзівая інфармацыя, і мы яе даем. Да прыкладу, лічу антырасейскасць Аляксандра Рыгоравіча апошняга часу бутафорыяй. Хоць на гэта “клюнулі” нават некаторыя апазіцыйныя лідары…

Ізноў пра самае балючае:

– Праблема не столькі ў Чарнобылі, колькі ў масавым спайванні людзей. Толькі за мінулы месяц у нашае аддзяленне паступіла процьма атручаных алкаголем. Расце колькасць безнаглядных дзяцей пры жывых бацьках. Праз нас, як медыкаў, штогод праходзіць некалькі дзясяткаў, якія пасля афармляюцца ў дзіцячыя прытулкі.

Напрыканцы размовы Міхась Шпакаў, высокі маладжавы чалавек з чэхаўскай бародкай, падсумоўвае:

– Расце ў народзе схаванае незадавальненне. Нельга сядзець склаўшы рукі і чакаць, пакуль нас зрусіфікуюць, і мы знікнем, як нацыя. Мы займаемся і інфармаванасцю наменклатуры. Трэба змагацца за моладзь. Інфармацыя пра небяспеку гвалтоўнай русіфікацыі абуджае ў падсвядомасці генетычныя пласты. Беларускасць, перакананы, завалодае масамі…

Слухаючы нешматслоўнага доктара Шпакава, унутрана разумеючы, праз якія нягоды ды выпрабаванні за “нашасць” ён прайшоў, узгадваеш класічнае – “і адзін у полі воін, калі гэта… Міхась Шпакаў!”

У змаганні за Беларусь ды супраць Чарнобыля 26 красавіка ён ізноў выйдзе на свой Чарнобыльскі шлях.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.